Вёска Бабовічы п'е брудную ваду, бо на чыстую няма грошай


[vc_row][vc_column][vc_column_text]Правесці ваду ў хату каштуе нават да 800 рублёў.

Напачатку 90-х жыхары вёскі Бабовічы, што ў Гомельскім раёне, праз скаргі дамагліся ўсталявання калонак. Але вада з іх ідзе брудная, прыдатная толькі для тэхнічных патрэбаў. На просьбы пракласці водаправод, мясцовыя чыноўнікі спасылаліся на недахоп грошай ды прапаноўвалі зрабіць гэта за ўласныя сродкі.

«Яны хацелі з нас сарваць грошы, можна сказаць сарваць, каб мы плацілі. Тады сказалі – два з паловай мільярда, – кажа жыхарка Бабовічаў Раіса Дарожка. – Я пенсіянер! Два з паловай мільёны я тады атрымлівала пенсіі. З чаго я магу сабраць гэтыя грошы?!».

На пачатку мінулага году старшыня Гомельскага аблвыканкаму Уладзімір Дворнік у адказ на скаргі вясковых паабяцаў пачаць працы па правядзенне водаправоду. Але паляпшэнне ўмоваў не датычылася ўладальнікаў прыватных дамоў, якія за правядзенне вады ў хаты маюць заплаціць з уласнай кішэні: гомельскія камунальнікі тлумачаць, што дзяржава не абавязаная фінансаваць патрэбы прыватнікаў.

«Мы забяспечваем цэнтральнае водазабеспячэнне гэтай вуліцы. Ахвотныя бяруць у нас тэхнічныя ўмовы, распрацоўваюць праект і падключаюць сабе водазабеспячэнне ў дом, – кажа кіраўнік вытворча-тэхнічнага аддзелу КЖУП «Гомельскі Райжылкамгас» Аляксей Літвінаў. – У сярэднім, наколькі я ведаю, гэта будзе каштаваць 300–500 рублёў».

Паводле ж працоўных, якія вядуць працы, правядзенне водаправоду ў прыватны дом будзе каштаваць каля 800 рублёў.

«Старымі гэта 8 мільёнаў, – кажа Лідзія Чаканава. – Я дзе іх буду браць? Мне толькі на дровы трэба два месяцы ні есці, ні піць нічога».

У мясцовым сельсавеце тлумачаць, што не ведаюць, як дапамагчы ў развязанні праблемы вяскоўцаў. Апошнія згодныя нават на калонкі на вуліцы, але нават іх усталёўванне пад вялікім пытаннем.

Андрэй Павук

Стужка навінаў