Вынікі выбараў у Польшчы: канец рамантызму ў замежнай палітыцы


Паводле афіцыйных вынікаў, безапеляцыйную перамогу ў Польшчы атрымала партыя «Закон і справядлівасць» («Prawo i sprawiedliwość» – PiS) – партыя, дагэтуль вядомая праз сваю сувязь з так званай «ягелонскай палітыкай». Аднак сённяшні PiS павінен змагацца за падтрыманне ў супрацьстаянні з папулістычнымі фармаваннямі, хутчэй правымі, якія намагаюцца выкарыстаць усе праблемы Польшчы з усходнімі суседзямі, каб павялічыць колькасць прыхільнікаў.

Партыі ў Польшчы можна груба падзяліць на мэйнстрымавыя і партыі «супраць эліты». Першыя –  «Грамадзянская платформа» (Platforma Obywatelska), якая прайграла і Польская сялянская партыя (PSL), звычайна дэкларуюць задавальненне з апошніх 25 гадоў Польшчы і пройдзенага за гэты час палітычнага шляху. А другія – пераможца PiS, падобны да расейскай ЛДПР «KORWiN», а таксама камітэт «Kukiz-15» аспрэчваюць гэты шлях. Часта, як у выпадку двух апошніх партый, аспрэчванне тычацца не толькі ўнутранай палітыкі, але таксама кансэнсусу, які меў перавагу ў замежнай палітыцы Польшчы.

Элементамі гэтага кансэнсусу было падтрыманне сяброўства Польшчы ў НАТО і ЕЗ, а таксама паслядоўнае падтрыманне для ўзмацнення незалежнасці і дэмакратызацыі краінаў былога СССР, якія знаходзяцца за ўсходняй мяжой Польшчы.

Беларусь практычна зусім не з’яўлялася ў перадвыбарчых дэбатах і гэта цішыня таксама схіляе да роздумаў. Польскія нацыяналістычныя колы, вельмі актыўныя падчас апошніх выбараў, маглі б абвінаваціць Лукашэнку ў расправе над Саюзам палякаў у Беларусі і адабранне больш за дзясятак Дамоў Паляка, пабудаваных у пачатку 1990-х за грошы польскага падатніка.

Увогуле палякі ў Беларусі маюць значна менш правоў, чым у суседняй Літве. Аднак тут польскія нацыяналісты і папулісты маўчаць. Ствараецца ўражанне, што ў рэчаіснасці гэтыя сілы свядома ці несвядома рэпрэзентуюць расейскі пункт гледжання, згодна з якім, Лукашэнка не з’яўляецца пагрозай ці праблемай, як Літва ці Украіна, бо вельмі залежны ад Расеі.

Пра Беларусь выказваецца цёплымі словамі лідар сялянскай партыі Януш Пехацінскі, які заклікаў да поўнага спынення санкцый у дачыненні Лукашэнкі і беларускіх фірмаў. Таму што Беларусь з’яўляецца важным рынкам збыту польскіх сальскагаспадарчых тавараў і брамаю ў Расею, дзякуючы якой можна абыйсці расейскае эмбарга.

"Беларусь развітваецца з Лукашэнкам"
“Беларусь развітваецца з Лукашэнкам”

Больш скандальнай тэмай, якая абмяркоўвалася падчас выбарчай кампаніі, былі дачыненні з Літвой і Украінаю. Прадстаўнікі партый заняліся крытыкай польскай замежнай палітыкі, якая не рэагавала на ўзрост нацыяналістычных настрояў ва Украіне і пераслед польскай меншасці ў Літве.

Натуральна, праблемы польска-украінскія і польска-літоўскія не з’яўляюцца прыдуманай тэмай. На гэта звярнула ўвагу ўкраінскія эксперты, як Алена Гетманчук, якія папярэджваюць, што гістарычная спадчына, у якой ёсць Валынская разня, рэабілітацыя УПА і асабліва Сцяпана Бандэры, не спрыяюць развіццю польска-украінскіх стасункаў.

Старшыня PiS узяў пад увагу гэтыя пагрозы для рэйтынгаў партыі і змяніў свае паводзіны ў дачыненні Украіны. Ярослаў Качыньскі на пачатку пратэстаў наведаў кіеўскі Майдан і нават з подыуму на памяць цытаваў Тараса Шаўчэнку, пасля чаго яго доўга крытыкавалі правыя апаненты за з’яўленне на фоне чорна-чырвонага сцягу УПА. Пасля PiS значна абмежаваў дэклараванне афіцыйнай салідарнасці з украінцамі і перанёс акцэнт на барацьбу з расейскім імперыялізмам.

Сімвалічнае ператварэнне здзейсніў Павэл Кукіз, лідар камітэту выбарнікаў «Kukiz-15», рок-музыка, які з поспехам заанагажаваўся ў палітыку. Кукіз быў актыўным прыхільнікам Майдану, выступаў там з канцэртамі і нават запісаў песню па-украінску. Аднак калі заангажаваўся ў польскую палітыку, атачыў сябе людзьмі, не вельмі прыязнымі ў дачыненні народаў Усходняй Еўропы. Сярод сябраў яго камітэту з’явіліся прадстаўнікі радыкальнага нацыяналістычнага «Нацыянальнага руху». Адзін з кандыдатаў заклікаў нават да заняцця Львова. Кукіз заклікаў не пастаўляць зброі ва Украіну і пачаў крытыкаваць украінскі нацыяналізм. Рух Кукіза ўвайшоў у парламент з 8,81 % падтрымання.

Цень на дачыненнях Польшчы з Літвой кідае пытанне трактавання польскай меншасці ў краінах Балтыі. Палякі не атрымалі права пісаць у дакументах свае прозвішчы па-польску, як і права двухмоўных знакаў вуліцаў і населеных пунктаў, хаця польскія літоўцы маюць такое права. Літоўцы ў сваю чаргу вінавацяць галоўную палітычную сілу польскай меншасці «Выбарчую акцыю палякаў» у спрыянні расейцам: яе лідар Вальдэмар Тамашэшскі фатаграфуецца з георгіеўскай стужкай і падлашчваецца да расейскамоўнага электарату.

Выбары ў Польшчы прынеслі шмат нечаканасцяў. У Сейм не ўвайшлі «Аб’яднаныя левыя» – кааліцыя з часткова посткамуністычнай гісторыяй. Галасы левай кааліцыі забрала іншая левая партыя «Разам», якая ўзнікла фактычна за паўгода да выбараў. «Разам» не ўвайшла ў Сейм, аднак узяла больш за 3 % галасоў, дзякуючы чаму ў будучай кадэнцыі атрымае субсідыі з бюджэту і мае шанцы на будаванне сапраўдных структураў. Другая сіла з «ніадкуль» – папулістычны рух «Кукіз-15», лідар якога – былы музыка панк-гурту «Piersi» (перакладаецца як «Грудзі» – belsat.eu), атрымаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 20 % галасоў, а цяпер увёў амаль 40 дэпутатаў у Сейм, у якім 460 дэпутацкіх крэслаў. Трэцім новым і пераможным гульцом з’яўляецца «Nowoczesna.pl» – ліберальнае аб’яднанне, якое арганізаваў эканаміст Рышард Петру – атрымала каля 30 мандатаў.

За бортам аказаліся радыкальная ліберальная партыя «KORWiN» – польскі аналаг ЛДПР са сваім скандальным лідарам Янушам Корвінам-Міке – вядомы за сваё публічнае ўхваленне Пуціна і Лукашэнкі.

У кіруючых колах няма аднагалоснасці ў справе палітыкі ў рэгіёне. Прэзідэнт Анджэй Дуда гаворыць пра так званую «канцэпцыю Міжмор’я», альбо развіццё супрацы паміж краінамі, якімі знаходзяцца паміж Балтыйскім і Чорным марамі. Ёсць дэпутаты ў самім PiS, якія канцэнтруюцца на падтрыманні польскай меншасці ў краінах былога СССР. Але дакладна адно: у польскай усходняй палітыцы скончыўся перыяд рамантызму.

Толькі ці азначае гэта змену падыходу ў палітыцы адносна Беларусі? Наўрад ці, бо спачатку павінны былі адбыцца рэвалюцыйныя змены ў падыходзе да гэтай палітыкі з боку лідара партыі. І ў PiS пакуль што ніхто не ўзгадваў пра планы дамаўляцца з Лукашэнкам. Тут Польшча не будзе ў авангардзе, тым больш, што і Лукашэнка не адсылае асаблівых сігналаў, якія б сведчылі, напрыклад, пра жаданне вырашыць пытанне Саюзу палякаў у Беларусі.

ЯБ, Belsat.eu

Стужка навінаў