Вынікі тыдня: апошняя прамова Оўбамы, Мэркель і імігранты, выбухі ў Турцыі, нафта – $ 29,5

video

Чаму турэцкія ўлады забараняюць распаўсюд інфармацыі пра аўторкавы выбух у цэнтры Стамбулу? Да чаго рыхтуюцца турэцкія курды? Чаму свет змяняецца, а Расея – не? Ці пойдзе Ангела Мэркель на пенсію праз кёльнскую «ноч даўгіх рук»? Каманда «Прасвету» аналізуе галоўныя сусветныя падзеі апошніх сямі дзён. Глядзіце цэлы выпуск.

Турцыя: турыстычнае пекла

Тэракт скіраваны супраць замежнікаў. Зранку ў аўторак тэрарыст-смяротнік падарваўся ў самым цэнтры Стамбулу. Асноўныя пацярпелыя – немцы, асноўная версія – атака Ісламскай дзяржавы. Турэцкія ўлады, як і падчас папярэдніх тэрактаў, забараняюць распаўсюд інфармацыі пра выбух. Ды абяцаюць чарговыя ўдары па тэрарыстах. Як Стамбул вяртаецца да жыцця – у матэрыяле Ганны Любаковай.

Здымачная група «Белсату» у Курдыстане

Выбухі прагрымелі ўчора і ва ўсходняй частцы Турцыі – у Курдыстане. Але гэтым разам выканаўцы не ісламісты. Курды, якія хочуць аддзяліцца ад Анкары, атакавалі два паліцэйскія камісарыяты. Праз тыдзень у «Прасвеце» – спецыяльны рэпартаж Сяргея Марчыка з Дыярбакіру, сталіцы турэцкага Курдыстану.

Расея: «Усё для фронту, усё для перамогі»

«Быць супердзяржаваю – клопатна і без сэнсу», – падзяліўся прэзідэнт Расейскай Федэрацыі ў інтэрвʼю выданню «Bild». Сапраўды, калі бочка нафты каштуе менш за $ 30 – здавалася б, для Расеі надышоў час перагледзець свае амбіцыі. Аднак Крэмль працягвае граць цягліцамі. Куды завядзе Расею старая палітыка ў новых умовах? Аналізуе Усевалад Шлыкаў.

Пра тое як санкцыі і падзенне цэнаў на энерганосьбіты паўплывалі на жыццё расейцаў а таксама як на гэта рэагуе крамлёўская прапаганда – у размове з Анастасіяй Сяргеевай з асацыяцыі «За свабодную Расею».

Оўбама падсумаваў вынікі прэзідэнцтва

На гэтым тыдні адметнай падзеяй стаў Зварот да нацыі амерыканскага прэзідэнта. Барак Оўбама заклікаў амерыканцаў збалансаваць гаспадарку на карысць бедных ды грамадзянаў сярэдняга класу, прапанаваў пабудаваць грамадства, дзе кожны можа атрымаць добрую адукацыю, абвесціў пра стварэнне ўрадавай спецгрупы па барацьбе з ракам ды спрагназаваў хутчэйшае развіццё тэхналогіяў «зялёнай» энергетыкі. Пра самае для нас цікавае – амерыканскія планы па замежнай палітыцы – Яраслаў Сцешык.

Нямеччына: буяныя госці

У навагоднюю ноч у Гамбургу, Дзюсельдорфе і Штутгарце групы эмігрантаў атачалі, рабавалі ды гвалцілі ўдзельніц вулічных імпрэзаў. Больш за ўсё злачынстваў здарылася ў Кёльне, дзе ахвярамі сталі 500 жанчын. Адзіным, хто пакуль панёс адказнасць, стаў шэф кёльнскай паліцыі – яго адправілі на пенсію. Ці пойдзе на пенсію Меркель – будзе залежыць ад рэакцыі ўраду на буяных гасцей. Рэпартаж Дзяніса Дзюбы.

Валянцін Голубеў прыгадвае абарону свабоды Літвы ў 1991-м

13 студзеня Літва адзначала Дзень памяці абаронцаў свабоды. 25 гадоў таму савецкія вайскоўцы забілі 14 абаронцаў віленскай тэлевежы. Літоўскую свабоду тады абаранялі і беларусы. Сярод іх быў гісторык Валянцін Голубеў, тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі ад Беларускага народнага фронту.

Украінская дзяўчынка Аня: дарога навобмацак

Маленькая Аня Громава трапіла з бацькамі ў аўтакатастрофу і практычна страціла зрок. Здавалася гэта на заўсёды. Ніхто не мог ёй дапамагчы ані ва Украіне, ані ў Расеі, ані ў Нямеччыне. Але яе бацькі не здаліся. Праз некалькі год з’явілася надзея. Пра тое, што ніколі не варта яе губляць – наш спецыяльны рэпартаж.

Глядзі таксама
Каментары