Вынікі гэтых выбараў могуць змяніць расклад сілаў у Еўропе


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=2KF12XKHgTg&feature=youtu.be”][vc_column_text]Адразу два лакаматывы Еўрапейскага звязу – Нямеччына і Францыя – на парозе выбараў, вынікі якіх могуць змяніць расклад сілаў на кантыненце, паўплываць на палітыку Бруселю, а, магчыма, нават, і будучыню Еўрапейскага інтэграцыйнага праекту. Аналітыкі кажуць, што паласа дэструктыўных выбараў 2016 года працягнецца і ў 2017-ым.

Праймарыз апазіцыйных правацэнтрысцкіх сілаў, што прайшоў у Францыі на гэтым тыдні, нечакана вызначылі новых лідараў у прэзідэнцкай гонцы, фінал якой адбудзецца ўжо праз 5 месяцаў. Першыя два месцы з сарака чатырма і дваццаці сямю адсоткамі галасоў адпаведна занялі аднапартыйцы з «Рэспубліканцаў», два былых прэм’еры: Франсуа Фіён і Ален Жупэ. Былы прэзідэнт краіны і адначасова лідар «Рэспубліканцаў» – Нікаля Сарказі, пры якім узгаданыя вышэй палітыкі ўзначальвалі ўрады, заняў толькі трэцяе месца ды выбыў з гонкі.

«Фіён больш кансерватыўны чым Жупэ, ягоная эканамічная праграма больш ліберальная, ён прапаноўвае рабіць большыя скарачэнні выдаткаў у публічнай адміністрацыі, ён яшчэ больш правы чым Жупэ», – тлумачыць аналітык «European policy centre» Паўль Іван.

Сарказі абвесціў, што ў другім туры аддасць свой голас за Франсуа Фіёна. Калі тыя, хто галасаваў за былога прэзідэнта, зробяць гэтаксама, то шанцаў у Жупэ няма, а сапраўдная барацьба за прэзідэнцкае крэсла пройдзе паміж моцна правым Фіёнам і ўльтраправаю Марын Ле Пэн. Апытанні, якія, што праўда, не бралі пад увагу неспадзяванай перамогі Фіёна падчас праймарыз, паказваюць, што кандыдаты ад кіроўнай сацыялістычнай партыі вельмі непапулярныя.

«Шанцы Марын Ле Пэн добра выглядаюць у апытаннях, я не думаю, што яе трэба ігнараваць, яна мае добрыя шанцы трапіць у другі тур выбараў, пытанне ў тым, ці іншыя мэйнстрымныя партыі змогуць сабраць сілы і галасы за сваіх кандыдатаў. Перамога Марын Ле Пэн будзе мець вельмі дэструктыўныя вынікі як для Францыі, гэтак і для ўсёй Еўропы», – кажа аналітык «European policy centre» Паўль Іван.

Калі паглядзець на ўсё гэта праз прызму нашага рэгіёну, то барацьба за пасаду кіраўніка Францыі разгарыцца паміж добрым сябрам Уладзіміра Пуціна і… ягонаю добраю сяброўкай, да таго ж, магчыма, і на маскоўскія грошы. Два гады таму «Нацыянальны фронт» Ле Пэн ужо атрымліваў крэдыт з Масквы на 9 мільёнаў еўраў. Пад гэтыя выбары партыя просіць Расею даць яшчэ 27 мільёнаў. Летась стала вядома, што і «Рэспубліканцы», таксама, маюць фінансавыя праблемы. Даўгі партыі дасягаюць 69-ці мільёнаў еўраў. Прыклад Ле Пэн паказвае, што ў Расеі ўмеюць дапамагаць сябрам.

«Што датычыць спадара Фіёна, то мы працавалі з Франсуа, калі ён быў прэм’ер-міністрам Францыі, а я быў кіраўніком расейскага ўраду ў перыяд паміж 2008 і 2012 гадамі, і ў нас сапраўды было шмат сустрэчаў, мы сфарміравалі пэўныя асабістыя адносіны, вельмі добрыя…», – заявіў сёлета прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Менавіта з Фіёнам Уладзімір Уладзіміравіч дамовіўся пра пастаўку няўдачлівых «Містраляў», якія так і не трапілі ў Расею, тады ж пачалі і будову архітэктурна чужога праваслаўнага цэнтру ў самым сэрцы Парыжу. Франсуа Фіён выступае супраць санкцыяў у дачыненні да Крамля, за прызнанне права крымчанаў далучыцца да Расеі і за дыялог з Масквою. Выглядае на тое, што галасы Нарманскай чацвёркі загучаць па-новаму. Наколькі? Залежыць і ад выбараў у Нямеччыне.

«На гэты момант Ангела Мэркель мае найлепшыя шанцы перамагчы ў нямецкіх выбарах у наступным годзе. Нягледзячы на крытыку, большая частка немцаў хоча бачыць яе канцлерам і надалей. Наступілі часы няпэўнасці, пасля Брэкзіту і перамогі Трампа, а немцы хочуць працягу існай палітыкі», – упэўнены аналітык «European policy centre» Ян-Свэн Рытэльмаер.

Ёсць і іншыя прычыны. За 11 год берлінская Маргарэт Тэтчэр удвая скараціла беспрацоўе, правяла рэформы, якія ўзмацнілі эканоміку і павялічылі экспарт, ды вывела краіну ў лідары ў міжнародных дачыненнях. Але якою б моцнаю ні была Ангела Мэркель, пасля «Брэкзіту» і змены ўлады ў Парыжы бараніцца ад усё большага ўмяшання Масквы ў еўрапейскія справы не зможа нават яна.

Ігар Кулей, belsat.eu

Іншыя тэмы апошняга выдання праграмы «ПраСвет»:

Стужка навінаў