Вынікі азіяцкага турнэ Лукашэнкі

video

https://www.youtube.com/watch?v=ko2yDKVzbkU

Дасягнуць $ 1 млрд. ва ўзаемным тавараабарачэнні Аляксандр Лукашэнка раней на гэтым тыдні прасіў бізнесоўцаў Пакістану, з якім апошнія два з паловай гады Беларусь заўважна актывізавала дыпламатычныя дачыненні. Некалькімі днямі раней кіраўнік краіны прасіў аб гэтым жа прадстаўнікоў кітайскай дзелавой супольнасці, якія слухаюць гэтыя просьбы больш за 20 гадоў. Наўзамен Менск абяцае абсалютную палітычную лаяльнасць Пекіну.

«Вы павінны быць упэўненыя, што там – у цэнтры Еўропы – за 6.5 тыс. кіламетраў адсюль, вы маеце плацдарм для прасоўвання сваіх інтарэсаў у Еўропе», – зазначыў кіраўнік Беларусі.

За 25 гадоў Кітай амаль не інвеставаў у Беларусь

Між тым, назапашаныя кітайскія інвестыцыі ў Беларусь ад часоў незалежнасці, паводле стану на пачатак гэтага года складалі менш за $ 200 млн. Гэта – у разы менш, чым у нашую краіну ўклалі Аўстрыя ці Галандыя. А ў суседнюю Літву, якая ніколі не абяцала Пекіну палітычнай вернасці, кітайскія бізнесоўцы ўклалі ў чатыры разы больш грошай, чым у Беларусь.

«Таксама трэба разумець, што ў Беларусі інвестыцыйны клімат нават з ільготнымі ўмовамі – не такі прыязны, як у заходнееўрапейскіх краінах, з якімі Кітай супрацоўнічае наўпрост», – патлумачыў Андрэй Елісееў, даследнік аналітычнага цэнтру «East».

Адзіны поспех пасля візіту Лукашэнкі ў Кітай – Пекін выдзеліў Беларусі $ 200 млн. дапамогі – на будаўніцтва сацыяльнага жытла. Праўда, грошы гэтыя, збольшага, вернуцца ў Кітай, бо падрадчыкамі маюць быць тамтэйшыя кампаніі. А Менск, узамен на гэта, падпісаў кантрактаў больш як на $ 11 млрд., пераважна – аб закупе ў растэрміноўку кітайскіх тавараў і паслуг.

«З Кітаем усе прыярытэтныя кірункі развіваюцца слаба, калі не сказаць правальна. Па-першае спадзяванне Беларусі на большы экспарт прамысловых тавараў не спраўджваецца. Прамысловыя тавары складаюць 5-10% ад экспарту з Беларусі», – патлумачыў Андрэй Елісееў.

Пакістан

У Пакістане, замест таго, каб залучыць тамтэйшыя інвестыцыі, Беларусь укладзе грошы сама. Прадпрыемства «Амкадор», якое належыць бізнесоўцу Уладзіміру Шакуціну, выкупіла долю ў тамтэйшым заводзе вытворчасці трактароў. Астатнія пагадненні, пераважна – на ўзроўні мемарандумаў аб намерах, то бок, ні да якіх дзеянняў бакі не абавязваюць.

Узбекістан

Ва Узбекістане Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў развіваць гандлёва-інвестыцыйную супрацу, але канкрэтных пагадненняў падпісана не было. Праўда, некаторыя адмыслоўцы мяркуюць, што гэта – і не да горшага. Бо, напрыклад, за 25 гадоў беларуска-кітайскай супрацы не вядома ні пра адзін камерцыйны праект, здзейснены на залучаныя ўладамі кітайскія крэдыты, які б акупіў свае ўкладанні.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары