Вынесены вырак жыхару Менску, які некалькі гадоў гвалціў сваіх дачок


Суд Фрунзенскага раёну ў Менску вынес абвінаваўчы вырак у дачыненні 40-гадовага мужчыны, які цягам некалькіх гадоў патаемна гвалціў сваіх дачок і падчарку. Рашэнне яшчэ можа быць абскарджанае, але паводле выраку гвалтаўнік бліжэйшыя 20 гадоў мае правесці ў калоніі строгага рэжыму.

Следчыя прыйшлі да высновы, што мужчына неаднаразова цягам некалькіх гадоў здзяйсняў сексуальныя злачынствы. Маці нічога аб гэтым не ведала, бо мужчына прасіў дачок нікому не распавядаць пра тое што адбываецца, бо гэта «іхны сакрэт».

У Следчым камітэце зазначаюць, што падобныя справы цяжкія для расследавання і збору доказаў.

«Дзеці баяцца распавядаць пра тое, што з імі адбылося. Часта яны самыя не маюць свядомасці, што з імі адбываецца – ва ўсім вінавацяць сябе. Страх становіцца пастаянным спадарожнікам ахвяраў», – зазначае старэйшая следчы па асабліва важных справах Галіна Суздалева.

Следчы камітэт паведамляе, што злачынства ўдалося раскрыць з дапамогаю комплекснай працы з дзецьмі. Размовы з імі адбываліся з удзелам псіхолага ў адмысловым пакоі грамадскага аб’ядання «Понимание». Арганізацыя займаецца абаронаю бацькоўства, перадухіленнем гвалту над дзецьмі.

Абвінавачаны прайшоў праз шэраг судова-псіхіятрычных экспертызаў, у тым ліку з выкарыстаннем паліграфа. Эксперты прыйшлі да высновы, што мужчына меў свядомасць сваіх дзеянняў і мог кіраваць імі.

 

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў