«Вылізаны» Магілёў – для Лукашэнкі і Пуціна ці для гараджанаў?


Перад беларуска-расейскім Форумам рэгіёнаў у Магілёве ў экспрэс-тэмпе пачалі рамантаваць будынкі і нават узводзіць новыя аб’екты. «Белсат» разам з мясцовымі актывістамі і дзеячамі прыглядзеўся да таго, як (і за чый кошт) змяніўся горад.

На V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі маюць прысутнічаць Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Да гэтай падзеі Магілёў рупліва рыхтуюць увесь апошні год. Тэрміны здачы аб’ектаў пераносіліся па некалькі разоў: цяпер жа асноўныя працы скончаны, засталіся касметычныя падрыхтаванні.

Арка на ўездзе ў горад

Больш за ўсё спрэчак выклікала арка на ўездзе ў Магілёў з менскага напрамку. Яе павінны былі здаць у мінулым годзе, як падарунак Магілёву на юбілей – 750 год, але не хапіла грошай і будаўніцтва расцягнулася на два гады.

Грошы на арку збіраліся традыцыйна -«добраахвотна-прымусова». Магілёўцы сведчаць, што на прадпрыемствах арганізоўваўся збор грошай, ад якога супрацоўнікам было цяжка адмовіцца. Першапачаткова сабраных грошай не хапіла і праз год прыйшлося ладзіць другую хвалю «ахвяраванняў».

«Яна пабудаваная і, напэўна, стане славутасцю гораду. Але адразу некалькі пытанняў. Гэта самы неабходны абʼект, які трэба было будаваць за грошы і без таго абабранага народу? І ў гонар якога трыумфу пабудавана арка? Усё апраўдалі і абгрунтавалі ордэнам Леніна, які атрымала Магілёўская вобласць за нейкія там заслугі. Гэта гняце яшчэ і таму, што на фоне збяднення народа, заняпаду культуры, адукацыі, медыцыны мы ўзводзім сумнеўныя па значнасці абʼекты, не ўлічваючы жадання людзей, якія тут жывуць» – кажа вядомы ў Магілёве рэжысёр Уладзімір Пятровіч.

Жыхары Магілёва негатыўна ўспрынялі тое, што арку «ўпрыгожылі» ордэнам Леніна. У гісторыі Магілёва было шмат значных падзеяў, якія варта было б адзначыць. У кабінетах улады сапраўды разглядалася ідэя павесіць шыльды з такімі адметнымі датамі, як год заснавання Магілёва і год надання гораду Магдэбурскага права. Але сёння там толькі герб Магілёва, ордэн Леніна і ордэн Вялікай Айчыннай вайны.

«Улады самі не ведалі, чаму прысвяціць гэтую арку і як патлумачыць яе з’яўленне. Спачатку думалі там ільвоў паставіць, пасля абмяркоўвалі ідэю ўсталяваць бюст Пятра Машэрава (удзельніка ВАВ, палітычнага і дзяржаўнага дзеяча, героя СССР)», – завўжава экскурсавод Алег Дзьячкоў.

Наступныя змены – рамонт шашы ад аркі і да цэнтру Магілёва. Замянілі асфальт, ходнікі, з’явіліся веласцежкі. Уладзімір Пятровіч аднак упэўнены, што гэткія рамонты робяць не столькі дзеля гараджанаў, колькі для высокіх гасцей Форуму.

«Горад з зімы ліхаманіць ад рамонту дарогі і мосту па праспекце Міра. Колькі аварый, раздзяўбаных падвесак, хаця асфальт кладуць штогод. Усё прылізваецца, але крок у бок, тыя ж раздзяўбаныя дарогі, запушчаныя двары. Атрымліваецца гэта – пыл у вочы» – падсумоўвае рэжысёр.

Лесвічны спуск з каскадным фантанам у парк Падміколле

Яшчэ адна спроба надаць Магілёву лоск – будаўніцтва новага спуску з фантанамі ды аглядальнымі пляцоўкамі ў парк Падміколле. Менавіта ў гэтым парку праходзіць большасць суботнікаў Магілёва. Парк адносна новы, яго ўладкоўваюць апошнія 5 год, але лесвіцу пачалі будаваць толькі летась.

У сярэдзіну лесвіцы ўбудаваны каскадны фантан з кветкамі абапал. Два фантаны маюцца ўнізе лесвіцы. На аглядальных пляцоўках павінны з’явіцца лаўкі, ратонды, сметніцы і светлавыя апоры.

Лесвіца вядзе ў парк Падміколле, які робіцца этапамі. На сённяшні дзень у парку пасаджаны маладыя дрэвы, месцамі пракладзены сцежкі, зробленая роварная сцежка, добраўпарадкаваныя дзіцячы і спартовы гарадкі. Наперадзе яшчэ шмат працы, улады гораду бачаць Падміколле ціхім і спакойным месцам для адпачынку гараджанаў. Вядома, што ў парку запраектавана гасцініца і рэстарацыя.

Але і тут можна знайсці прычыны для крытыкі. Гісторык Алесь Агееў называе парк безаблічным.

«На грамадскіх слуханнях высоўваліся цікавыя прапановы, як зрабіць парк у Падміколлі адметным менавіта для нас. Але абмеркаванне насіла фармальны характар і да прапановаў з боку насельніцтва не прыслухаліся», – кажа Агееў.

Корпус Беларуска-Расейскага ўніверсітэту

Студэнты БРУ, пры якіх пачыналася будаўніцтва новага корпуса, паспелі адвучыцца і пасталець год на 30. Корпус лічыўся самым вядомым магілёўскі даўгабудам, але перад Форумам рэгіёнаў на яго ўсё ж такі знайшліся грошы. Хоць і не ў тых памерах, як планавалася: першапачатковы праект прадугледжваў навучальны і спартовы карпусы, але фінансы не дазволілі гэта ажыццявіць. І ўжо ўзведзены фундамент спартовага корпусу прыйшлося разабраць.

Менавіта ў новым корпусе БРУ запланаваны шэраг сустрэч падчас V Форуму рэгіёнаў.

Палац культуры

У Палацы культуры вобласці зрабілі капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. Рамонт ахапіў прылеглую тэрыторыю, вонкавы стан і ўнутраныя памяшканні будынку. Пабачыць вынікі мадэрнізацыі можна было падчас візіту ў Магілёў старшыні Савету Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча – яму дэманстравалі парадныя залы з пазалотай і люстэркамі, мармуровыя калонны, элітную мэблю і белы раяль у фае. Кошт усіх прац – 5 млн долараў. Адным словам – атрымаўся сапраўдны палац, перад Пуцінам не будзе сорамна.

«Першае, што мяне здзіўляе – гэта неверагодны цэннік (5 млн долараў). Хіба нельга было адрамантаваць танней? Відавочна, што хочуць паказаць «заможнасць» гораду, які заможным зусім не зʼўляецца», – зазначае праваабаронца Алесь Буракоў.

У сценах Палаца культуры вобласці пройдуць галоўныя мерапрыемствы, дзелавыя сустрэчы і перамовы падчас V Форума рэгіёнаў. Тут мае адбыцца пленарнае паседжанне пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнка і Уладзіміра Пуціна.

Музей Бялыніцкага-Бірулі

Адзіны аб’ект, які на сённяшні момант паспелі здаць – гэта музей імя Вітольда Бялыцнікага-Бірулі ў цэнтры Магілёва, філіял Нацыянальнага мастацкага музею.

Рэканструкцыя ў музеі цягнулася 5 год і перад V Форумам рэгіёнаў урэшце скончылася. Працы па рамонце і мадэрнізацыі музейнага будынку абышліся ў 1,5 млн долараў. Па-сутнасці Магілёў атрымаў новы музей: на першым паверсе будуць праходзіць зменныя выставы, а на другім выстаўленыя працы Бялыніцкага-Бірулі.

11 кастрычніка ў межах Форуму рэгіёнаў у музеі адчыніцца выстава «Кола Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі», сфармаваная з фондаў Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі і Трэц’якоўскай галерэі.

«Самая адметная рэканструкцыя – кажа Алег Дзьячкоў. – Рамонт музею зацягнуўся на доўгія 5 год і дзякуючы Форуму грошы на яго нарэшце знайшліся. Цяпер мы маем цудоўны культурніцкі аб’ект».

Вольга Андросава, belsat.eu

Стужка навінаў