Вылечыць Менск ад вампірызму

За апошнія 30 год стабільна расло насельніцтва толькі аднаго беларускага гораду – Менску, які паступова пераўтвараецца ў горад-монстр, што пажырае сам ці адпраўляе за мяжу ўсё жывое, што ёсць у краіне.

Віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін заявіў аб неабходнасці рэзка скараціць будаўніцтва жытла ў Менску і абласных цэнтрах, каб вырашыць праблему празмернай канцэнтрацыі людзей у буйных гарадах. Аднак ці ёсць сэнс вяртацца да дурных абмежаванняў у савецкім стылі?

Урбанізацыя хворага чалавека ці здаровага?

Па ўрбанізацыі – адсотку гарадскога насельніцтва – Беларусь ужо займае першыя месцы як у Усходняй Еўропе, гэтак і ў Еўропе ў цэлым. Гэтак, калі сярэдняя доля гарадскіх жыхароў у Усходняй Еўропе складае каля 70%, а ў Еўропе ў цэлым каля 75%, то ў Беларусі амаль 80% насельніцтва жыве ў гарадах.

У прынцыпе гэта нармальны працэс апошніх 150-200 год – праца і рэсурсы канцэнтруюцца ў гарадах, туды з вёскі перабіраецца і насельніцтва.

Аднак насельніцтва Беларусі, згодна з прагнозамі, будзе зніжацца ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі – Дэпартамент па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН пакуль прагназуе, што колькасць жыхароў Беларусі будзе зніжацца і надалей – да 9,415 мільёна ў 2020 годзе, да 8,995 мільёна ў 2035 годзе. У 2075 годзе пры захаванні такой дынамікі нас ужо будзе менш за 8 мільёнаў.

Пры гэтым тая ж ААН прагназуе, што насельніцтва Менску будзе ўвесь час расці, а ў 2030 годзе ў Менску і яшчэ 5 гарадах Беларусі будзе жыць больш за 4 мільёны чалавек – палова насельніцтва краіны. Ці не атрымаем мы пры гэтым некалькі кропак пасярод заняпаду і пустыні?

Звышурбанізацыя і дэпапуляцыя

Гэтым тэрмінам у XX стагоддзі дэмографы, географы, эканамісты і эколагі сталі называць гарады, рост насельніцтва якіх перавышае тэмпы прамысловага і эканамічнага развіцця.

Магчыма, было б у прынцыпе нядрэнна, каб Менск імкліва рос на фоне агульнага росту беларускай эканомікі – так ці інакш агульнанацыянальны рухавік цягнуў бы за сабой і астатнія рэгіёны краіны. Аднак у нас атрымліваецца рост Менску і на фоне крызісных зʼяваў – а, значыць, з беларускіх рэгіёнаў людзі бягуць у сталіцу больш ад нядолі ў такіх гарадах як Вялейка, чым за менскімі перспектывамі і дабрабытам.

Менск забірае сабе ўсё больш беларускай моладзі з перыферыі, чым канчаткова пераўтварае яе ў дэпрэсіўнае месца, дзе жывуць пераважна пенсіянеры. І гэта датычыцца не толькі вёскі.

Аўтобус у Бабруйску. Фота wikipedia.org

Нават паводле афіцыйных дадзеных, якія не ўлічваюць усю працоўную міграцыю, можна бачыць падзенне колькасці насельніцтва ва ўсіх вобласцях Беларусі за апошнія 10 год – нават у Менскай.

На фоне таго, што ўжо ў Менску жыве празмерна вялікая частка насельніцтва краіны, рэаліі жыцця на адлегласці ў некалькі дзясяткаў кіламетраў ад сталіцы – эканамічная стагнацыя, дэпапуляцыя, заняпад індустрыі, беспрацоўе. Апошняя дадаткова гоніць людзей са сваёй малой радзімы – не толькі ў Менск, але і за мяжу.

Аддаем свае рэгіёны суседзям?

«Святое месца пустым не бывае», – кажа вядомая прымаўка. Аднак не ўсе ведаюць яшчэ адзін яе сэнс – там дзе няма Бога, туды заўсёды прыйдзе чорт.

Беларускія рэгіёны, якія паступова дэградуюць, знаходзяцца пад сапраўды моцным уплывам расейскай прапаганды, жывуць амаль цалкам не ў беларускай інфармацыйнай прасторы, губляюць сваю культурна-этнічную ідэнтычнасць.

Раздача «георгіеўскіх» стужак у Горадні, 2016 год

«Уладзімер Пуцін яўна зʼяўляецца самым папулярным палітыкам у рэгіёне… Сумніўна, каб у Менску існавала хаця б разуменне праблемы», – адзначаюць эксперты праекту «Belarus Security Blog» пасля працоўнай вандроўкі на ўсход Магілёўшчыны ў ліпені.

У кантэксце падзеяў ва Украіне пытанне прыхільнасці жыхароў рэгіёна сваёй дзяржаве, пытанне веры ў перспектывы жыцця ў сваёй незалежнай дзяржаве, нацыянальная і культурная ідэнтычнасць жыхароў рэгіёна – зусім не пустыя.

Урэшце рэшт сучасны горад з 25% насельніцтва краіны ў ім у выпадку вайны будзе першачарговай мэтай акружэння і аблогі з боку праціўніка, а значыць, з вялікай доляй верагоднасці, тэрыторыяй гуманітарнай і экалагічнай катастрофы.

Танец на адміністратыўных граблях

Можна колькі заўгодна скарачаць ці забараняць будаўніцтва жылля ў Менску – наўрад ці гэтыя меры спрацуюць, бо буйныя будаўнічыя холдынгі заўсёды знойдуць лабістаў і прычыны, чаму ў іхным канкрэтным выпадку трэба зрабіць выключэнне. Самыя разумныя ўжо будуць фармальна за межамі Менску, але проста за некалькі сотняў метраў ад МКАД.

Задачай як дзяржавы, гэтак і грамадства ў цэлым зʼяўляецца распрацоўка сапраўднай палітыкі па развіцці сярэдніх і малых гарадоў Беларусі, рэгіянальнай інфраструктуры, магчымасцяў для моладзі годна працаваць (напрыклад, праз той жа самы інтэрнэт) на сваёй малой радзіме, што можа стварыць плацежаздольны попыт, які ў сваю чаргу стане рухавіком лакальнага эканамічнага росту.

Новы будынак касцёла ў Багданаве (Валожынскі раён). Фота catholic.by

Улічваючы, што сучасная палітычная сітуацыя ў Беларусі не вечная, развіццё хаця б лакальнага самакіравання таксама можа даць людзям неабходныя навыкі для абароны сваіх правоў і развіваць моцную і здаровую лакальную ідэнтычнасць як складнік нацыянальнай.

Для распрацоўкі такой палітыкі ўжо зараз было б карысна бачыць працу навуковых, палітычных і грамадскіх арганізацый, заснаваныя на фактах і лічбах грунтоўныя дыскусіі пра патрэбы і магчымыя рашэнні эканамічна-дэмаграфічнага крызісу ў беларускіх рэгіёнах.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў