Выкладчык біялогіі з прэстыжнай вучэльні пайшоў разам са студэнтамі ваяваць на Данбас (поўная версія)




Хто з украінскага боку ваюе на Данбасе? Вайскоўцы, але не толькі. Бароняць родную зямлю людзі розных прафесій. «Белсат» паразмаўляў з камандзірам роты батальёну «Айдар», выкладчыкам біялогіі ў Кіева-Магілянскай акадэміі Яўгенам Дзікім.

Спадар Дзікі ніколі не меў нічога супольнага з вайсковай справай. Калі ж узброены вораг напаў на ягоную Радзіму, выкладчык вырашыў сам узяць у рукі зброю. «Неяк мяне не хапіла, каб адпраўляць на фронт сваіх студэнтаў, а самому заставацца за іх спінамі. Вось разам з імі і пайшоў», – распавёў педагог.

Добраахвотнікі атрымалі ад дзяржавы толькі па аднаму камплекту ўніформы, якая была не ў найлепшым стане. Рэальную палявую форму яны мусілі купіць самі. «Ад дзяржавы мы атрымалі зброю і праз некаторы час, нават не адразу, нейкі легальны статус. Усё астатняе мы атрымлівалі наўпрост ад народу: ежу, вопратку, абутак. Нават вайсковае абсталяванне, якое не зброя, а, да прыкладу, прыборы начнога бачання, біноклі, рацыі куплялі і прывозілі нам валанцёры», – заўважыў камандзір роты.

На пачатку вайсковага канфлікту, падкрэсліў спадар Дзікі, добраахвотнікам даводзілася ваяваць перадусім з парамілітарнымі фармаваннямі, фактычна бандамі, якія тады ўжо больш чым на палову складаліся з грамадзянаў Расеі. Усімі гэтымі атрадамі камандавалі расейскія афіцэры, але ўсё ж гэта не была рэгулярнае войска, заўважыў абаронца Украіны.

«Да моманту, калі зайшла рэгулярная расейская армія з палкамі і дывізіямі, мы ўжо мелі 3-месячны баявы досвед. Мы ўжо не раз былі пад абстрэламі і самі стралялі, з тэхнікай на той момант было лепей. Таму план Пуціна і не ўдаўся. Расейскае войска не дало нам канчаткова вызваліць Данбас ад акупацыі, але і само не прасунулася нават да межаў Данецкай і Луганскай вобласцяў, не кажучы пра іншыя тэрыторыі. Лінія Менскага перамір‘я – гэта ўласна тая лінія, на якой мы змаглі стрымаць наступленне ўжо рэгулярнай расейскай арміі», – адзначыў удзельнік баявых дзеянняў.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў