Выкладчыца ўніверсітэту павесілася ў пад’едзе дому, з якога яе хацелі выселіць


Напрыканцы 2014 г. суд пазбавіў яе магчымасці прыватызаваць сваю кватэру. Загінулая кандыдатка філалагічных навук пакінула дваіх дзяцей.

14 красавіка а 8-й раніцы ў шматпавярховым доме па вул. Савецкая 106 у Гомлі быў знойдзены труп выкладчыцы ўніверсітэту ім.Скарыны. Жанчына павесілася на дзвярах у пад’ездзе свайго дому. Паводле міліцыянтаў, слядоў гвалту на целе жанчыны не выявілі.

«Яе на працы палохалі звальненнем, – кажа суседка, – і высяленнем з дому. Псіхіка, мусіць, не вытрымала перанапружання. Бо яна была вельмі мэтанакіраваная, адказная, працавітая. Але цяпер у сувязі з сітуацыяй вакол нашага дому ва ўсіх ужо пачаўся нейкі масавы псіхоз».

Жанчына жыла ў т.зв. «выкладчыцкім доме», жыхары якога ўжо некалькі гадоў запар змагаюцца з уладамі за права атрымаць свае кватэры ва ўласнасць. У доме жывуць былыя і дзейныя выкладчыкі гомельскага ўніверсітэту ім Скарыны.

Напрыканцы 2014 г. на рашэнне эканамічнага суда дом атрымаў статус інтэрнату. Вердыкт пазбавіў жыхароў 116 кватэраў магчымасці прыватызаваць свае кватэры. Іх могуць выселіць у меншыя, або падселяць у кватэры студэнтаў.

Скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі скончыліся нічым. Адміністрацыя ўніверсітэту пагражала працаўнікам разарваннем кантракту, у выніку чаго выкладчыкі згубілі б не толькі працу, але і жыллё. Па факце самагубства распачалося следства.

belsat.eu, Гомель

Стужка навінаў