Выкладаць для дзетак на курсах «Мова Нанова» будзе чэмпіёнка па таэквандо


Папулярныя курсы беларускай мовы пашыраюць сваю аўдыторыю. Бясплатна вывучаць родную мову змогуць цяпер і малыя беларусы.

На курсы прымаюцца дзеці дашкольнага веку – ад 4 да 7 гадоў. Заняткі будуць доўжыцца адну гадзіну ды будуць адбывацца па суботах ці нядзелях. Першае спатканне мае адбыцца 4 або 5 кастрычніка ў «Галерэі Ў» (праспект Незалежнасці, 37а, метро Плошча Перамогі).

Каб запісацца на дармовыя курсы, трэба даслаць ліст на электронны адрас: labadzenka@gmail.com

Выкладаць для дзетак будзе Алена Церашкова – маці чатырох беларускамоўных дзетак. Спадарыня Алена піша для дзяцей вершы, казкі, загадкі, песні, займаецца перакладамі. Яна – аўтарка зборніка паэзіі «У поўны рост ці ўстану», кніг для дзетак «Вершыкі-загадкі», «Сакрэты кветак для дарослых і дзетак» (у суаўтарстве з Палінай Грынчанка), «Самыя звычайна-незвычайныя». Выкладчыца друкавалася ў часопісах «Гарбузік», «Вясёлка», пісала ў «Нашу Ніву», «Настаўніцкую газету».

Спадарыня Алена грае на віяланчэлі, мае другі разрад па шахматах ды тытул двухразовага чэмпіёна Беларусі па таэквандо (у версіі WTF).

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў