Выходны на Дзень усіх святых? Каталіцкія біскупы скіравалі кампрамісны ліст да Аляксандра Лукашэнкі


Каталіцкія біскупы падтрымалі выказаную раней ідэю мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча зрабіць выходным каталіцкі Дзень усіх святых – 1 лістапада – і накіравалі адпаведны ліст да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе catholic.by.

У прамове падчас урачыстай Імшы ў Дзень усіх святых Тадэвуш Кандрусевіч назваў Кастрычніцкую рэвалюцыю ў Расеі, якая дагэтуль адзначаецца як свята ў Беларусі 7 лістапада, «экзістэнцыяльнай катастрофай» і заклікаў імкнуцца да таго, каб зрабіць выходнымі 1 і 2 лістапада.

2 лістапада каталікі адзначаюць Дзень памяці памерлых (Дзяды), у гэтых дзень многія беларусы незалежна ад веравызнання згадваюць ахвяраў савецкіх і нацысцкіх злачынстваў на нашай тэрыторыі.

З надзеяй на кампраміс?

Аднак з біскупскага ліста да прэзідэнта знікла згадка пра 2 лістапада – а менавіта Дзяды разам з 1 лістапада фігуруюць у петыцыі на сайце Zvarot.by, якую заклікаў падтрымаць іерарх у пачатку месяца.

У пачатку 1990-х у Беларусі Дзяды былі непрацоўным днём, што давала грамадзянам Беларусі магчымасць выканаць хрысціянскі абавязак і ўшанаваць продкаў, дбаючы пра добраўпарадкаванне могілак, адзначаецца ў петыцыі.

Невыключана, беларуская Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў, якая абмяркоўвала пытанне на паседжанні 21 лістапада, палічыла «непрахадной» ідэю прасіць вядомага сваймі прасавецкімі сімпатыямі Аляксандра Лукашэнку зрабіць выходнымі «антысавецкія» Дзяды.

Ці ня першай першай публічнай масавай акцыяй з выразна нацыянальным і антыкамуністычным зместам стала адзначэнне Дзядоў у 1987 годзе. Мітынг у памяць беларускіх ахвяраў савецкага тэрору 1988 года быў разагнаны міліцыяй.

Падчас кіравання Аляксандра Лукашэнкі ў адзначаным палітычным і канстытуцыйным крызісам 1996 годзе Дзяды перасталі быць выходным днём. У гэты ж год Лукашэнка гвалтоўна змяніў канстытуцыю і разагнаў легітымны парламент.

Роўнасць з праваслаўнымі

Мітрапаліт Тадэвуш адзначыў, што новы выходны – яшчэ і пытанне роўнасці двух асноўных хрысціянскіх канфесіяў краіны. Паводле ягоных словаў, Дзень усіх памерлых католікі пачынаюць адзначаць 1 лістапада, і выходны дасць магчымасць вернікам памаліцца не толькі ў касцёле, але і на могілках.

«Разам з тым, гэта прывядзе да балансу з Праваслаўнай Царквой, дзе вернікі маюць выхадны дзень – Радаўніцу… У Беларусі жыве шмат змешаных сем’яў – католікаў і праваслаўных. У такіх сем’ях гэта пытанне адчуваецца яшчэ больш востра: праваслаўны можа пайсці і памаліцца ў гэты дзень на могілкі, а ў католікаў – гэта рабочы дзень», – нагадаў іерарх.

 

Улетку арцыбіскуп Менска-Магілёўскі ўжо крытыкаваў дзеянні ўрадоўцаў і згадаў пра дыскрымінацыю Касцёла.

У траўні арцыбіскуп выступіў з дакладам у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дзе таксама выказаў незадаволенасць дзеяннямі і нетактоўнасцю некаторых прадстаўнікоў улады, а таксама заклікаў да рэформы заканадаўства ў сферы адносін паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі.

Андрэй Бабініч, belsat.eu

Стужка навінаў