Выдавец Логвінаў: Ідзе адкрытая барацьба ўладаў з прадпрымальнікамі


Вярхоўны суд 30 студзеня адмовіў у задавальненні скаргі выдаўца Ігара Логвінава на рашэнне Міністэрства інфармацыі аб адмове прыватнаму выдавецкаму ўнітарнаму прадпрыемству «Логвінаў» у выдачы ліцэнзіі на распаўсюд друкаванай прадукцыі.

«Чаканні былі, што задаволяць нашу скаргу, – заўважыў кнігавыдавец агенцтву БелаПАН. – Гэта абсурд, што нам не даюць рэгістрацыю, адмаўляюць на падставе дробных прычын. Тым не менш, суд адхіліў нашу скаргу. Паводзіны юрыстаў Міністэрства інфармацыі звычайнае, у іх задача – выйграць справу. Адбываецца дэвальвацыя чалавечых паняццяў: пачуцці справядлівасці, карэктнасці, гонару, годнасці. Ідзе адкрытая барацьба чыноўнікаў, улады з прадпрымальнікамі, асабліва з такімі, як я, якія думаюць, дзейнічаюць па-іншаму».

Як паведамляе сайт naviny.by са спасылкай на БелаПАН, сённяшнюю пастанову суда Логвінаў яшчэ можна абскардзіць у касацыйным парадку. «Думаю, што далей абскарджваць адмовы міністэрства не буду, гэта вельмі дорага і займае шмат часу. Тым больш палітыка суда і так зразумелая», – падкрэсліў выдавец.

У Вярхоўным судзе 10 лютага будзе разглядацца яшчэ адна скарга Логвінава – на рашэнне эканамічнага суда Менску. 9 студзеня суд пастанавіў накласці на прадпрыемства «Логвінаў» штраф у 30 базавых велічыняў (Br 5,4 млн.) за ажыццяўленне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама канфіскаваць даход, атрыманы юрыдычнай асобай у студзені-снежні 2014 года, у памеры большым за Br 960 млн.

У якія тэрміны неабходна аплаціць штрафы, пакуль невядома. «Верагодна, дата будзе названая, калі Вярхоўны суд прыме рашэнне па скарзе на пастанову эканамічнага суда. Калі рашэнне будзе адмоўным, хутчэй за ўсё, мы будзем падаваць у камісію па растэрміноўцы і адтэрміноўцы выплат. Зыходзячы з гэтага будзе зразумелы і графік, і канчатковая дата выплаты », – адзначыў Логвінаў.

Выдавец таксама паведаміў, што пасля ягонага закліку да грамадскасці на прэс-канферэнцыі 20 студзеня дапамагчы ў выплаце штрафу сабрана ўжо каля Br 80 млн.

У верасні 2013 года выдавецтва Логвінава было пазбаўлена права займацца выдавецкай дзейнасцю на падставе рашэння суда Ашмянскага раёну, які палічыў выпуск альбому «Прэс-фота Беларусі 2011», надрукаванага ў выдавецтве, экстрэмісцкім.

МЯ, паводле naviny.by, БелаПАН

Стужка навінаў