Выбух у цэнтры Анкары: 34 асобы загінулі


Месца трагедыі непасрэдна пасля выбуху. Фота: @metesohtaoglu

Трагедыя адбылася ў нядзелю ўвечары на плошчы Кызылай – дзелавым цэнтры і адным з самых шматлюдных месцаў турэцкай сталіцы. Тут знаходзіцца мноства гандлёвых молаў, кінатэатраў і рэстарацыяў.

Выбух прагрымеў а 18:43 паводле турэцкага часу (19:43 – менскага).

Guardian піша, што камеры відэаназірання на месцы трагедыі зафіксавалі, што да аўтобусу, які стаяў на прыпынку, павольна падʼехаў аўтамабіль. Пасля гэтага адбыўся выбух. Турэцкія ўлады пацвердзілі, што лёгкавік быў нашпікаваны выбухоўкай.

Са словаў міністра аховы здароўя, выбух забіў 34 асобы: 30 – на месцы, чацвёра памерлі ў шпіталі. 125 асобаў параненыя, 19 – у цяжкім стане. Паводле ўладаў, сярод загінулых – адзін або два тэрарысты.

Улады таксама заяўляюць, што тэракт – справа рук Працоўнай партыі Курдыстану або звязаных з ёй групіровак.

Кызылай – цэнтральная плошча турэцкай сталіцы. Гэта папулярнае месца сярод мясцовых і турыстаў. Тут перакрыжоўваюцца транспартныя шляхі з усяго гораду. На тэрыторыі плошчы знаходзіцца таксама знакаміты парк Гювэн.

Менш, чым месяц таму ў Анкары адбыўся выбух, адказнасць за які ўзялі курдскія баевікі. Тады загінула 29 чалавек, 60 былі параненыя.

ДД

Глядзі таксама
Каментары