Выбітны літоўскі акцёр Данатас Банёніс быў агентам КГБ


Выбітныя літоўскія дзеячы мастацтва – акцёр Данатас Банёніс і дырыжор Саўлюс Сандэцкіс – у савецкія часы былі завербаваныя агентамі КГБ. Такую інфармацыю апублікаваў Літоўскі цэнтр па даследаванні генацыду і супраціву.

Паведамляецца, што Данатас Банёніс працаваў пад псеўданімам «Бронюс». Акцёр, у прыватнасці, збіраў інфармацыю пра літоўскіх эмігрантаў у ЗША, падаваў КГБ іх характарыстыку, што павінна было палегчыць аператыўную працу чэкістаў. Супраца працягвалася як мінімум з 1970 па 1974 год (у 1974-м Банёніса абралі дэпутатам Вярхоўнага савету).

Сандэцкіс, паводле дакументаў КГБ, быў завербаваны ў 1962 годзе. Ён працаваў пад псеўданімам «Салютас» і ў агентурнай сеткі знаходзіўся да 1982 года. КГБ цікавіў ягоны бацька, які эміграваў у ЗША. КГБ хацеў, каб сын паўплываў на бацьку, каб той адмовіўся ад антысавецкай дзейнасці і прыехаў у Літву.

Данатас Банёніс быў вядомы па ролях у фільмах «Салярыс», «Мёртвы сезон» ды іншых. У 1994 году артыст зняўся ў фільме «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Банёніс памёр у 2014 годзе.

 

ІІ, belsat.eu, паводле Delfi

Стужка навінаў