Выбары ў палескай глушы: як гэта было


Калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію, мы з маці нарэзалі бутэрбродаў і селі глядзець інтэрнэтаўскую прэс-канферэнцыю. Для маці гэта было прыблізна тое ж самае, што паслухаць Дзіму Калдуна, які колісь прывёз з «Еўрабачання» ці то трэцяе, ці то чацвёртае месца. Кнігі Алексіевіч маці чытала. Прынамсі, «Чарнобыльскую малітву», бо помню асобнік у хатняй бібліятэцы.

Але нобэлеўская лаўрэатка пачала расказваць пра Лукашэнку неспадзеўкі. Маці не вытрывала і выйшла з пакоя. Яна спужалася слухаць «забароненае».

Яшчэ некалькі месяцаў таму я спадзяваўся на канструктыўны дыялог з палескімі бабулькамі. Не тое, каб разлічваў запэўніць іх у нейкай сваёй праўдзе, а проста хацеў мець адэкватную размову з адэкватнымі высновамі. Пасля чаго мог бы сказаць: Добра, я вас зразумеў. Гэта вашая пазіцыя, і яна мае права на жыццё.

Дуля з макам! У Прудку і суседніх Аўцюках я не знайшоў ніводнай бабці, у якой не было б стандартнага набору высноваў. Першая: Лукашэнка – харошы чалавек. Другая: чыноўнікі ўсіх узроўняў – крывапіўцы. Трэцяя: Лукашэнка ездзіць і вучыць усіх чыноўнікаў працаваць, але ён адзін і не паспявае ўсё ўгледзець. І пятая: калі б усе слухаліся прэзідэнта і рабілі тое, што ён скажа, мы б даўно жылі лепей за амерыканцаў.
Праз кожныя пяць хвілін бабулі пачыналі хвалявацца, што іх пасадзяць за такія размовы. І самі сябе суцяшалі:

– Няхай садзяць! Мне ўсё роўна хутка паміраць.

Я дык не бачыў, за што іх можна пасадзіць. Там хіба што грамату выпісаць за вернасць рэжыму.
Сёлета апазіцыя заклікала байкатаваць выбары. Я сядзеў у сваім Прудку і думаў: каго яна заклікае? Бабу Вольгу, якая побач з Дзевай Марыяй павесіла партрэцік Лукашэнкі з газеты і вышывае крыжыкам на яго ручнік-набожнік?

Вы што – супраць?!!

Калі яшчэ толькі збіралі подпісы за кандыдатаў, я ўвесь памяты і непрычасаны выбег у краму. Думаю, куплю хуценька хлеба, ніхто і не пабачыць. Калі б ведаў, што патраплю ў гісторыю, апрануў бы пінжак у дробную палоску, які збірае пыл у шафе.

Пад брылём крамы мой рух спыніла жанчынка.

– Хто такі? Чый будзеш? Зарэгістраваны тут? Пашпарт з сабой?

У Менску я звычайна насіў з сабою пашпарт – то міліцыянты ў метро патрабавалі (асабліва калі я працаваў ноччу за кампютарам і выглядаў апасля не як сярэднестатыстычны менчук), то яшчэ якая нагода магла здарыцца. Аднак у вёсцы звычка хадзіць паўсюль з пашпартам сцерлася.

– То нічога. У сельсавеце перапішу. Распішыся тут.

Вы ўяўляеце – яна нават не запытала, ці маю я ахвоту падтрымаць яе кандыдата Лукашэнку? У яе галаве з фарбаванай прычоскай наверсе нават не ўзнікла думка, што я магу не захацець аддаць подпіс за яго! Не, я не з’яўляюся актыўным апазіцыянерам. Але ж гэта натуральна, калі людзі маюць розныя меркаванні, калі падтрымліваюць розных кандыдатаў. Гэта асновы плюралістычнага грамадства. Але пра што я кажу – мы ж пад брылём прудкаўской крамы! Тут не можа нават думка ўзнікнуць – падпісацца ці не падпісацца. Звычайная працэдура. Усе падпісваюцца. Трэба, як усе.

А я адмовіўся.

– Вы што – супраць?!!

Мне ажно паплахела ад той інтанацыі. Дагэтуль вечарам баюся, што сасню ноччу эпізод пад брылём.
І яно на мяне (уяўляеце?) падзейнічала:

– Не, не супраць…. Чаму адразу супраць…

Я толькі шэсць месяцаў пражыў у вёсцы пасля пятнаццацігадовага сталічнага жыцця, і ўжо гатовы быў здацца. Вой-вой-вой, думаю, нічога ж сабе! Але знайшоў што сказаць цётачцы пра ейныя выбары. Мы нават троху паспрачаліся, яе гэта выбары ці мае.

І наўздагон я пачуў самае нечаканае, на што дагэтуль не магу прыдумаць адказу:

– Вы што – і ў Бога не верыце?

Гэта XXI стагоддзе. 62 гады таму памёр Сталін. А баба Воля ў Аўцюках вешае партрэт Лукашэнкі ля Дзевы Марыі. А прудкаўская цётка выкрывае маю няверу ў Бога праз няверу ў выбары прэзідэнта. А ў Менску апазіцыйныя лідары заклікаюць да байкоту. Каго?

Галасаванне наперагонкі

Не ў вёсцы – нават у правінцыі – выбары выглядалі так.

Першы дзень датэрміновага галасавання. Раніца.

– Ну што – я першая прыйшла галасаваць?

– Не, ужо дзесяць чалавек прагаласавалі – і Хведараўна, і Мікалаевіч, і Пракоп’еўна.

Цю-ю-ю

– І я думаю: дзе гэта мая Іванаўна? Трэба ўжо, думаю, тэлефанаваць ёй.

Палешукі (ці толькі?) бягуць на выбары наперагонкі. Галасаваць – даўно ніякае не права. Гэта абавязак, які тутэйшыя прынялі добраахвотна. Каб засведчыць сваю павагу выбарчым камісіям (а туды трапляюць не абы-якія, а паважаныя людзі) і каб быць, як усе.

Трэба, як усе

Маці, калі даведалася, што я яшчэ вагаюся, ці буду галасаваць увогуле, «забожкала»:

– Ты што?! Ты ж у вёсцы жывеш! Гэта ў горадзе не прагаласаваў, і ніхто не даведаецца. А тут усе ведаць будуць. Трэба, як усе. Няможна вырадкам быць.

І хто сказаў, што беларусы – хутаране, што мы не можам выступаць адзіным арганізмам? Яшчэ як можам! Жыць, як усе – нашае святое ўменне.

– Мама, – кажу, – а што такое страшнае здарыцца, калі ты возьмеш і не прагаласуеш?

– Ай, Андрэй, як я ў вочы людзям глядзець буду? Што яны пра мяне падумаюць? А калі даведку якую ўзяць – хто яе мне дасць? Мы ўсё роўна нічога змяніць не зможам. І хто сказаў, што будзе лепш з новым прэзідэнтам?! Не дуры мне галаву – трэба рабіць, як рабілі і як робяць усе.

Беларускі дзэн

Мы пойдзем і прагаласуем, бо ў лістападзе брыкет выпісваць, бо пазыка за электрычнасць праз новую канапу ў крэдыт, бо Прыпяць штогод падбіраецца да ўчастка, і няможна ўжо, каб хата так блізка стаяла ля ракі. Не прагаласуеш, станеш ворагам – і ўсе гэтыя хібы пачнуць муляць вока сельсавету. І ўсе гэтыя ранейшыя дамоўленасці анулююцца. А калі хто яшчэ працуе, то будуць праблемы і на працы. Нам ёсць шмат чаго баяцца. Не толькі вайны і зменаў.

Лукашэнка не замінае беларускаму дзену – сядзець на ўскрайку сусвету і назіраць, як усё вакол змяняецца, і як нічога не змяняецца ўдома. Мы захраслі ў гэтым стане. Пасля кароткіх хістанняў дзевяностых, гэты дзэн нарэшце ізноў усталяваўся.

Вірусныя Дзядзі Віці

Я не бяру на сябе місію падзяліць беларусаў на гожых і нягожых. Бо любой з’яве знаходзяцца тлумачэнні ў гісторыі. І, каб зразумець сутнасць, трэба спрабаваць глядзець на ўсе хібы па-філасофску.

Гэтак жа я не хачу запэўніць у бязвыхаднасці. Бо сёння прыязджаў да мяне трактарыст дзядзя Віця і выказваў сваю нязгоду з тым, што бачыць навокал. Ён не п’е, шмат працуе і мае аўтарытэт сярод вяскоўцаў. Акрамя таго, ставіць лагічныя пытанні і робіць простыя і такія ж лагічныя высновы. І ў суседніх Аўцюках ёсць такі самы дзядзя Віця. І гэтыя дзядзі Віці – па ўсёй Беларусі – падобныя на вірусы, якія мусяць зламаць сістэму. У нейкай будучыні нас чакаюць змены. Падобна на тое, што Беларусь, па-за ахвотай і кантролем асобных беларусаў, рыхтуецца да самамадэрнізацыі.

А можа гэта толькі мае мроі, маё беларускае чаканне, што ўсё само зменіцца. Бо я таксама трохі second-hand.

Андрусь Горват, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары