Выбары ў Беларусі – гэта магія: АБСЕ апублікавала справаздачу па мінулых парламенцкіх выбарах


Нізкая яўка на выбарах у Палату Прадстаўнікоў і перапісаныя пратаколы. АБСЕ апублікавала поўную справаздачу пра мінулыя парламенцкія выбары ў Палату прадстаўнікоў. Дасюль усе падрабязнасці, сабраныя назіральнікамі, не разгалошвалі, цяпер жа можна сказаць усю праўду. У студыі праграмы «Прасвет» – назіральнік ад АБСЕ Матэўш Баек, які сёлета працаваў у Рагачове.

Выбары ў Рагачове – гэта магія, прызнаецца Матэўш Баек.

«Вынікі не мелі нічога супольнага з афіцыйнымі вынікамі і выказваннямі ўлады. Мы не бачылі яўкі, мы не бачылі выбарцаў у выбарчых камісіях. Мы бачылі, як перапісваюць пратаколы на калене без праверкі колькасці галасоў. Проста перапісвалі, каб пратакол пасаваў да таго, што прыдумаў кіраўнік камісіі».

У прыклад эксперт прыводзіць вынікі выбарчага ўчастку ў Дзіцячай школе мастацтваў у Рагачове.

«Мы пайшлі туды а 15 у нядзелю. Выбарчыя спісы былі пустыя. Бачна было, што толькі кожнае пятае-шостае месца было запісанае. Цягам гадзіны прыйшло каля 14 выбарцаў. Вельмі мала. Потым, калі мы прыйшлі ў галоўную выбарчую камісію, мы бачым, што кіраўнік камісіі прыносіць пратакол, у якім мы бачым 100 % яўку. Я абурыўся. Пратакол забралі і праз гадзіну прынеслі пратакол, дзе было ўжо ўпісана 70 % яўка».

Матэўша Баека найбольш уразіла, што на выбарах не было выбарцаў.

«Былі такія камісіі, што ты сядзеў гадзіну, а не прыходзіў ніхто. А пасля аказвалася, што ў гэтых камісіях 80-90 % яўкі. Не было яўкі – не было выбараў. То бок, гэтыя вынікі не мелі быць прызнаныя».

Якія яшчэ парушэнні заўважыў назіральнік на беларускіх выбарах? Глядзіце інтэрвʼю ў праграме «ПраСвет», якая выйшла ў эфір 16 снежня.

Іншыя тэмы ў праграме «ПраСвет»:

  • Хто ў Еўразвязе не хоча Кіеву?
  • Што беларусы могуць супрацьставіць расейскай прапагандзе?
  • Якія настроі ў Турцыі 5 месяцаў пасля няўдалага путчу?
Стужка навінаў