Выбары рэктара ЕГУ: прафзвяз за новыя выбары, а студэнты хочуць права голасу


Імя новага рэктара Еўрапейскага ўніверсітэту ўсцяж не агалошанае, хоць рашэнне мусілі прыняць да пачатку сакавіка.

Паводле меркавання акадэмічнай супольнасці ЕГУ, конкурсная камісія не ўлічыла заўвагаў да празрыстасці працэсу адбору новага кіраўніка ўніверсітэту. Акрамя таго, меркаванні чальцоў Кіроўнай рады падзяліліся.

Прафзвяз – за выбары наноў

У панядзелак Рада прафзвязу «EHUnion» звярнулася да Агульнага сходу сузаснавальнікаў і Кіроўнае рады ЕГУ з патрабаваннем сфармаваць новую камісію па адборы, улучыўшы прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці ВНУ, а таксама беларускіх і міжнародных экспертаў. Як цвердзяць падпісанты, распусціць існую камісію неабходна «з тае нагоды, што ў яе склад уваходзяць асобы, якія неаднаразова парушалі Статут і працэдуры ЕГУ».

Раней Кантралёр Літоўскай Рэспублікі па акадэмічнай этыцы і працэдурах прызнаў, што рашэнні Кіроўнай рады неаднаразова супярэчылі Статуту ўніверсітэту. Адно з двух рашэнняў адміністрацыя ЕГУ аспрэчыла ў судзе. Аднак 24 лютага Віленскі акруговы адміністрацыйны суд вызнаў скаргу ЕГУ беспадстаўнай і падтрымаў пастанову Кантралёра па ўсіх пунктах.

Напрыканцы лютага літоўскі Цэнтр ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі (SKVC) надаў Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту чарговую акрэдытацыю. ЕГУ атрымаў станоўчую ацэнку ў чатырох з пяці катэгорый: акадэмічнае навучанне і навучанне цягам усяго жыцця, навукова-даследчая і творчая дзейнасць, уплыў на рэгіянальнае і нацыянальнае развіццё, а таксама навучальныя рэсурсы і інфраструктура. Аднак недахопы выявілі ў галіне стратэгічнага менеджменту, таму акрэдытавалі ўстанову на тры гады замест шасці. Калі хібы адміністравання не будуць выпраўленыя, SKVC мае паўнамоцтвы скасаваць акрэдытацыю.

Камень спатыкнення

У прэс-рэлізе ЕГУ паведамляюць, што паседжанне Кіроўнай рады перанесенае і мусіць адбыцца пазней у сакавіку. «Мы спадзяваліся скончыць працэс пошуку да 1 сакавіка, але абмен думкамі ўсё яшчэ працягваецца», – адзначае старшыня Кіроўнай рады Дэніэл Таршыс.

У канцы студзеня Студэнцкае прадстаўніцтва перадало Кіроўнай радзе петыцыю з подпісамі 260 студэнтаў з просьбаю надаць ім права голасу ў выбарах рэктара сваёй установы. Аднак пазітыўнага рашэння студэнты не дачакаліся, распавядае прэзідэнт Студпрадстаўніцтва Дзяніс Кучынскі. Пакуль студэнты – толькі назіральнікі ў працэсе выбараў. Прадстаўнікоў студэнтаў і Сената прапанавалі прызначыць чальцамі Кіроўнай рады толькі пасля завяршэння выбараў.

«Як і раней, студэнты хочуць, каб іх меркаванне пачулі», – тлумачыць Дзяніс Кучынскі, – «Мы рады запрашэнню мець свайго прадстаўніка ў Кіроўнай радзе. Аднак для нас прынцыпова валодаць голасам падчас выбараў новага рэктара, а не пасля заканчэння гэтага працэсу. На жаль, кіроўныя органы ўсцяж не прыслухаліся да нашых прапановаў. На нашае меркаванне, конкурсная камісія мае патрэбу ў пазітыўнай перазагрузцы».

З пэўных крыніцаў ва ўніверсітэце вядома, што напярэдадні сярод Кіроўнай рады была распаўсюджаная рэзалюцыя. У ёй, сярод іншага, на пасаду рэктара прапаноўвалася кандыдатура Гары Дэйвіда Поліка.

У выніку галасавання, што адбываецца праз сетку Інтэрнэт, частка Кіроўнай рады не адобрыла дадзеную рэзалюцыю.

Belsat.eu звяртаўся па тлумачэнні да старшыні пошукавай камісіі Дэна Дэвідсана і старшыні Кіроўнай рады Дэніэла Таршыса, аднак адказаў на хвалюючыя пытанні не атрымаў.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў