Выбары ідуць, заводы - стаяць


 Хоць яшчэ ў 94-м годзе Аляксандр Лукашэнка – у свой першы раз – балатаваўся пад лозунгам «запусціць заводы». Запусціць удалося, а вось утрымаць – не надта. Трывожныя паведамленні пра стан прадпрыемстваў гэтым разам прыйшлі з Гомля і Барысава.

У Гомлі на мяжы закрыцця аказаўся завод хімічных вырабаў. Калі яшчэ ў чэрвені-ліпені тут працавалі 10 дзён на месяц, то цяпер завод стаіць. Працаўнікам з-за прастою плацяць 300 тысячаў на месяц і прапануюць ці шукаць іншую працу, ці чакаць, ці ўзяць заробак прадукцыяй, то бок галошамі.

У найлепшыя часы тут працавалі да тысячы чалавек, цяпер паводле неафіцыйных звестак завод – банкрут. Праблемы на прадпрыемстве цягнуцца з 2013 года, таму вінаваціць цяперашні крызіс у Расеі не выпадае. Пра далейшы лёс заводу працаўнікам ніхто не распавядае.

Крыху лепшая сітуацыя ў Барысаве на заводзе «Аўтагідраўзмацняльнік». Тут працуюць 4 дні на тыдзень, у адміністрацыі інфармацыю пра масавыя скарачэнні абвяргаюць. Зрэшты, звычайнай практыкай стала папросту непрацягванне кантрактаў.

Агульная сітуацыя ў беларускай прамысловасці ў выбарчы год нагадвае бясконцае намацванне дна. Ад пачатку года прамысловая вытворчасць скарацілася на больш як 7 адсоткаў. У асобных галінах, напрыклад, вытворчасць МАЗу ці БелАЗу, упала напалову.

Сярэднія заробкі на прадпрыемствах краіны цяпер складаюць каля двухсот долараў, то бок фактычна вярнуліся на ўзровень абяцанняў 20-гадовай даўніны. Менавіта перад выбарамі ў 1994 годзе кандыдаты на прэзідэнцтва абяцалі выбарцам заробкі 200 долараў.

АН, belsat.eu

Стужка навінаў