Выбары-2016 – гульня без правілаў у якой варта ўдзельнічаць?


Адзін месяц і адзін дзень застаўся да выбараў у Палату прадстаўнікоў Беларусі. У ЦВК лічаць, што ўсё сведчыць аб празрыстым і справядлівым электаральным працэсе.

Нязручных кандыдатаў здымаюць з гонкі

Ад Старавіленскай акругі Менску на выбарах будзе адзін галоўны кандыдат – спявачка Ірына Дарафеева, астатнія на падтанцоўцы – гэтак сцвярджае Уладзімір Падгол. Прэтэндэнта ад Партыі БНФ не прапусцілі на палітычную сцэну нібыта праз валоданне нафтавымі актывамі.

«Гэта ж трэба паганства такое развесці! Яны ж нашых людзей павыкідалі з камісіяў, сваіх паставілі. Адзінагалосна галасуюць за сфальшаваныя вынікі праверкі», – абураецца палітолаг Уладзімір Падгол.

Навошта беларусы балатуюцца ў парламент?

Паводле праверкі выбарчай камісіі, Уладзімір Падгол таемна валодае 20-цю акцыямі кампаніі «Нафтан». Незарэгістраваны кандыдат зладзіў сваю праверку, і цяпер патрабуе, каб старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына разагнала Старавіленскую выбарчую камісію, а сама падала ў адстаўку. Ад генпракурора Падгол патрабуе распачаць крымінальную справу аб фальшаванні дакументаў.

«А я знайшоў доказы, што тых 20 акцыяў «Нафтану», якія я быццам бы не ўказаў, мне не належаць. Я знайшоў чалавека, якому яны належаць. За адну хвіліну. Патэлефанаваў на завод, у аддзел, які займаецца акцыямі, і атрымаў інфармацыю», – распавядае спадар Уладзімір.

З падобных прычынаў у Менску не зарэгістравалі актывіста Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, бо знайшлі дамову, не пазначаную ў падатковай дэкларацыі. У Рагачове з выбараў знялі грамадскага дзеяча Дзяніса Дашкевіча, бо той не пазначыў у дэкларацыі вяртання грошай ад кампаніі «Google», з дапамогай якой Дашкевіч рэкламаваў старонку «Рагачоў Онлайн».

Чаму варта ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі?

Але большасць апазіцыйных прэтэндэнтаў рэгістрацыю прайшла. Сярод іх – старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, экс-кандыдат на прэзідэнта Алесь Міхалевіч і кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі. Для Хашчавацкага гэта не першы паход на парламент.

«Пяць гадоў таму мы ішлі, мы агітавалі за байкот, я выступаў па тэлебачанню – яны запісалі мой выступ. Я правёў дэбаты з вельмі сімпатычным чалавекам – таксама запісалі. І нічога не паказалі. Чаму? Бо выбараў няма, поўная фальсіфікацыя», – кажа Юрый Хашчавацкі.

Але тут ёсць магчымасць паказаць сапраўднае аблічча гэтых уладаў, ды сустрэцца з выбарцамі, кажа Хашчавацкі.

«Проста неабходна выкарыстоўваць любую, нават мікраскапічную магчымасць, каб звярнуцца да людзей, каб патлумачыць ім, у чым усе праблемы», – упэўнены Юрый Хашчавацкі.

Такіх праблемаў няма ў чыноўнікаў. У Магілёве галоўны доктар цэнтральнай паліклінікі Аляксандр Старавойтаў сабраў больш за 15 000 подпісаў за сваё вылучэнне, гэта разоў у 10 больш за канкурэнтаў. Старавойтаў кажа, што адміністратыўнага рэсурсу не выкарыстоўваў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Стужка навінаў