Выбары-2015: Вонкавая палітыка (відэадэбаты экспертаў)


У трэцяй частцы перадвыбарчых дэбатаў эксперты разважаюць пра знешнюю палітыку Беларусі і геапалітычнае становішча, у якім апынулася наша краіна.

Гарачая навіна апошніх дзён – расейская авіябаза ў Беларусі. Ці азначае яе з’яўленне, што мы цалкам патрапілі пад уплыў Расеі?

«Так, азначае. Звярніце ўвагу: гэтае пытанне ўкідваецца ў медыі менавіта расейскім бокам. Беларускі бок маўчыць. І тое, што пытанне ўкінутае менавіта цяпер, перад выбарамі – гэта спроба ціску на Лукашэнку. Гэта як пэўная ўмова: вырашай праблему з авіябазай, і тады падтрымка на выбарах з боку Расеі гарантаваная», – дзеліцца сваім меркаваннем палітолаг Валер Карбалевіч.

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Андрэй Елісееў мяркуе, што ніколі ўлады Беларусі не пайшлі б на разгортванне расейскай базы, не выбіўшы пры гэтым для сябе дывідэндаў:

«Гэтая база можа пайсці ў пакеце разам з падтрымкай Расеяй Аляксандра Лукашэнкі на выбарах, плюс крэдыт з расейскага боку».

Дырэктар Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі разважае, чаму ўвогуле ў Расеі цяпер загаварылі пра гэтую базу.

«У цэлым той факт, што менавіта зараз гэтае пытанне ўстаў у парадку дня двухбаковых адносін, з ініцыятывы Крамля, пераважна сведчыць аб тым, што Расея незадаволеная той інтэнсіўнай нармалізацыяй беларуска-заходніх адносін», – кажа эксперт.

З’яўленне авіябазы можа паўплываць і на нейтральнасць Беларусі ў справе вайсковых канфліктах. Вядучы Дзмітрый Гурневіч выказвае думку, што гэтая беларуская нейтральнасць можа быць створаная Масквой, бо выгадная ёй.

«Безумоўна, Беларусь з’яўляецца хаўруснікам Расеі, у тым ліку і вайскова-палітычным, аднак не прымае ўдзелу ў вайсковых канфліктах Расеі. Крэмль увесь час нешта хоча ад Беларусі, і кожны раз мы балансуем нібы на мяжы нейкага чарговага кроку», – мяркуе рэдактар «Беларускага штогодніка» Валерыя Касцюгова.

«Знешняя палітыка» – трэцяя частка перадвыбарчых дэбатаў.

Першая была прысвечаная ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі.

Якім чынам сёлетнія выбары зменяць нашае жыццё? (дэбаты, частка 1)

У другой частцы эксперты абмеркавалі эканамічную сітуацыю ў Беларусі.

Што будзе з беларускай эканомікай пасля выбараў? (дэбаты, частка 2)

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў