Выбарчы фарс або магчымасць ісці да выбарцаў?


Нечаканасцяў не адбылося. Апроч Аляксандра Лукашэнкі, які на паседжанне Цэнтральнай выбарчай камісіі не з’явіўся, кандыдатамі ў прэзідэнты зарэгістравалі лідара ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, старшыню «Беларускага казацтва» Мікалая Улаховіча ды актывістку кампаніі «Гавары праўду!» Таццяну Караткевіч.

ТАЦЦЯНА КАРАТКЕВІЧ, КАНДЫДАТКА НА ПРЭЗІДЭНЦТВА:
«З аднаго боку я вельмі ўсхваляваная, тым што я атрымала гэтае пасведчанне. Але больш я хвалююся за тое, як у мяне далей атрымаецца аб’яднаць людзей, прадстаўляць іх голас, быць годным кандыдатам».

Падчас паседжання ЦВК, першая ў гісторыі Беларусі жанчына-кандыдат падкрэсліла, што ўлада мусіць мяняцца, прэзідэнцкіх тэрмінаў не можа быць больш за два, а Лукашэнку параіла сысці, бо, на думку Караткевіч, ён вельмі стаміўся. Аднак на думку экспертаў асноўная ўмова пераменаў – прысутнасць рэальнай альтэрнатывы.

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:
«Вынікі выбараў прадвызначаныя, пераможца выбараў вядомы. І ніхто з трох апанентаў Лукашэнкі рэальным прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду быць не можа».

Прозвішчы канкурэнтаў Лукашэнкі ўсцяж малавядомыя выбарнікам.

ЖЫХАРЫ БЕРАСЦЯ:
«Хачу прагаласаваць за жанчыну!»

«Напэўна нікога, бо не цікавілася гэтым».

«Караткевіч і яшчэ некалькі».

«Мы чыталі, ведаем розных, але мы лічым, хай бацька будзе адзін».

У сваю чаргу апазіцыйныя палітыкі, якія не бяруць удзелу ў выбарчай кампаніі, выступілі з супольнаю заяваю, сэнс якой – патрабаванне сапраўды вольных і справядлівых выбараў, а не іх імітацыя, якую можна назіраць цяпер. А таксама заклікалі грамадзянаў не ісці на выбарчыя ўчасткі.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, ЛІДАР БЕЛАРУСКАЙ ХРЫСЦІЯНСКАЙ ДЭМАКРАТЫІ:
«Ёсць канкрэтныя практычныя высновы, з каторымі ўсе пагадзіліся. Па-першае, гэта ацэнка выбараў як фарсу. Мы яшчэ раз падкрэсліваем, што кантраляваць падлік галасоў не магчыма».

Таму адным з рэцэптаў лідары апазіцыі бачаць стварэнне масавага назірання не толькі за самым падлікам галасоў, але ў першую чаргу за яўкаю, якой паводле палітыкаў у вялікіх гарадах дакладна не будзе.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, ЛІДАР АБ’ЯДНАНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ПАРТЫІ:
«Напалову пустыя выбарчыя ўчасткі – гэта вельмі моцны ціск на ўладу, каб яна адказалася ад старой выбарчай мадэлі».

Падтрымалі заяву – лідар руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць» Уладзімір Някляеў, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, лідарка сацыял-дэмакратычнай грамады Ірына Вештард ды іншыя вядомыя асобы. Гэтак, дэмакратычныя сілы амаль аб’ядналіся – праўда, не для ўдзелу ў выбарах, а наадварот.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары