Выбарчы цырк-шапіто: дармаед адмаўляецца, тры прэтэндэнты ўключаюцца ў гонку


Выбарчы штаб кандыдата-дармаеда Юрыя Шульгана так і не знайшоў дому для свайго лідара.

«Юрый Шульган спыняе свой удзел у перадвыбарчай гонцы па прычыне адсутнасці ў пашпарце штампу аб рэгістрацыі месца жыхарства. Праблема была знойдзена ў момант атрымання пашпарта на рукі, пошук прымальных варыянтаў па яе вырашэнню ў самыя кароткія тэрміны не даў вынікаў. Іншымі словамі, Шульган афіцыйна прызнаны «асобай без вызначанага месца жыхарства», а папросту – бамжом», – паведаміў ягоны выбарчы штаб.

Разам з тым, паплечнікі экс-прэтэндэнта на прэзідэнта заяўляюць пра рэарганізацыю ў грамадзянскую ініцыятыву «Незалежнае Назіранне Юрыя Шульгана».

«Штаб будзе ўважліва сачыць за ходам далейшай выбарчай кампаніі, паводзінамі іншых кандыдатаў, выкрываць абуральныя парушэнні выбарчага заканадаўства і даносіць усе факты да шырокай грамадскасці».

Нягледзячы на страту Шульгана, шэрагі ахвотных пацягацца з «бацькам» за прэзідэнцкае крэсла не пусцеюць.

У перадапошні дзень рэгістрацыі ініцыятыўных спіс патэнцыйных кандыдатаў папоўніўся трыма новымі прозвішчамі.

Пра сваё жаданне браць удзел у выбарах заявілі рэкламніца Ірына Першына, настаўніца Жанна Раманоўская і Сяргей Забалоцкі, пра якога ўвогуле нічога не вядома.



Разам з Забалоцкім, якога хутчэй за ўсё не зарэгіструюць, патэнцыйных кандыдатаў цяпер ажно 10 – Сяргей Гайдукевіч, Андрэй Канавец, Таццяна Караткевіч, Анатоль Лябедзька, Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Калякін, Ірына Першына, Жанна Раманоўская і Мікалай Статкевіч. Акрамя вышэйназваных прэтэндэнтаў пра свой намер балатавацца заявілі Віктар Цярэшчанка, Юрый Радзькоў, Уладзіслаў Цітовіч.

Сёння апошні дзень прыёму дакументаў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў. Выбары адбудуцца 11 кастрычніка.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў