Выбарчы ўчастак у Швецыі: ні паліцыянтаў, ні буфетаў


Шведская выбарчая сістэма падаецца ідэальнай і прадуманай да дробязяў. Фальсіфікацыя выключаная. Ці сапраўды так? І што здзіўляе беларусаў у шведскіх выбарах? Адказы шукала карэспандэнтка «Белсату» у гарадку на поўдні Швецыі Сёдарчопінгу.

Перадвыбарчая агітацыя: грукаемся ў дзверы і дорым ружы

29 верасня ў Швецыі распачынае працу новы парламент, у якім кіраваць бліжэйшыя чатыры гады будуць сацыял-дэмакраты. Менавіта гэтая партыя перамагла на выбарах два тыдні таму, 14 верасня.

Мы прыехалі ў Швецыю ў самы разгар агітацыі, калі кожная партыя імкнецца прыдумаць нешта цікавае, арыгінальнае, каб прывабіць людзей. Падыходзім да агітацыйнага намёту партыі мадэратараў, што на працягу васьмі гадоў была кіруючай у парламенце.

«Што вас цікавіць? Задавайце пытанні. Хочаце кавы? Гарбаты? З цукрам, без?» – нас ні на секунду не пакідаюць без увагі. Пасля кароткай размовы нам на памяць застаюцца кулінарныя кнігі з рэцэптамі (што праўда, толькі па-шведску), асадкі, значкі з сімволікай партыі.

Ласуемся цукеркамі і выпіваем наступную каву каля палаткі партыі левых.

А потым разам з сацыял-дэмакратамі ідзем і самі агітаваць людзей. «Du rӧstar vӓl imorgon?» – падыходзім да людзей з завучаным пытаннем, што значыць “Вы ж прыйдзеце заўтра галасаваць?”. І дорым ружу і балёнік. Настрой – святочны. На тварах людзей – усмешкі. У адказ – упэўненае “Канешне, пайду галасаваць”.

А найлепшы спосаб агітацыі шведы называюць “грукацца ў дзверы”. Прадстаўнікі партыі ідуць да людзей, каб паразмаўляць з кожным асобна. Яны літаральна грукаюцца ў дзверы. Ці праганяюць людзі такіх гасцей? Не, наадварот, шведы рады, што могуць асабіста паразмаўляць з партыяй, задаць пытанні, падыскутаваць.

Паліцэйскіх няма ні каля пікетаў, ні на выбарчых участках

Ніхто падчас агітацыі не баіцца, не азіраецца па баках. Нікога не затрымліваюць. За тры дні наведвання перадвыбарчых пікетаў і участкаў для галасавання ў гарадах Норчопінг і Сёдарчопінг мы не пабачылі ніводнага паліцэйскага. Шведы кажуць, што паліцыя ніяк не ўмешваецца ў выбары. Задача паліцыі – забяспечыць, каб кожная партыя змагла выступіць перад людзьмі, і каб людзі атрымалі поўную інфармацыю.

Дзень выбараў: назіраць можа кожны

У дзень выбараў прыязджаем на ўчастак а 8-й гадзіне раніцы, на адкрыццё. Як і ў нас, з большага ўчасткі ладзяцца ў школах, бібліятэках. Абсалютнае патрабаванне – даступнасць для інвалідных вазкоў.

Людзі ідуць ад самага адкрыцця. Каля ўваходу ў залю галасавання выбаршчык бярэ бюлетэні тых партый, за якія збіраецца галасаваць. За шырмай ён раскладае бюлетэні па трох канвертах. Пасля чаго падыходзіць да выбарчай камісіі, адзначаецца, што прыйшоў, аддае канверты з бюлетэнямі чальцу камісіі, і той укідае іх у скрыню.

Шведскія выбары адметныя тым, што ў адзін дзень праводзіцца галасаванне на трох узроўнях – мясцовым, рэгіянальным і нацыянальным. Таму выбаршчык падае ў камісію тры канверты. Заблытацца ва ўзроўнях немагчыма, бо бюлетэні адрозніваюцца па колерах: жоўты – для нацыянальных выбараў, блакітны – для рэгіянальных, белы – для мясцовых.

Назіраць за выбарамі можа кожны. Ад самай раніцы можна прыйсці на ўчастак, сесці там, і сядзець да вечара. І не то, што выгнаць, а нават запытацца, чаму ты тут сядзіш, ніхто з камісіі не мае права.

“Ад нашага выбару шмат што залежыць”

У Швецыі звычайна галасуюць больш за 80% выбаршчыкаў.

“Я вельмі палітычна актыўны, як і большасць з нас”, – кажа спадар Дэвід Свэнсан, які з самай раніцы прыйшоў галасаваць. – «Канешне, мы верым, што ад нашага выбару шмат што залежыць. Выбары для нас – гэта вельмі важна. А фальсіфікацыя ў нас нікому не патрэбная”.

[vc_single_image image=”346719″ img_size=”large”]

На выбарчых участках у Швецыі не ладзяць канцэртаў, буфетаў. Людзі туды прыходзяць галасаваць, а не есці. Калі ўжо вельмі хочацца выпіць, то можна ўзяць кавы за ахвяраванне ля століка “Чырвонага крыжа” – ля некаторых участкаў збіраюцца сродкі на дабрачыннасць.

А 8-й увечары ўчасткі зачыняюцца і пачынаецца падлік галасоў. Скрыню ўскрываюць, а бюлетэні раскладваюць у стосы згодна з колерам. А потым ідзе падлік – колькі галасоў за якую партыю. За падлікам галасоў таксама можа назіраць кожны ахвочы – яго ніхто не прагоніць і не будзе пытаць дазвол. Гэтак жа кожны можа падаваць скаргу, калі заўважыць нейкія неадпаведнасці ці парушэнні.

“Нам варта вучыцца ў Швецыі, як праводзіць выбары”

Юрый Грынявецкі, лідар бабруйскіх сацыял-дэмакратаў ужо некалькі разоў назіраў за выбарамі ў Швецыі, і лічыць што беларусам варта ў шведаў вучыцца: “Вельмі дасканала прадуманая выбарчая сістэма. На кожным этапе зроблена ўсё, каб выключыць памылкі і падтасоўкі. У той жа час усё праходзіць на даверы. У людзей там няма схільнасці да падману. Яны вераць закону, дзяржаве, і лічаць, што і выбары, і ўсё ў дзяржаве мусіць адпавядаць тым законам, якія яны самі і ствараюць. Гэта вельмі годны прыклад для пераймання”.

Выбары ў Швецыі заўсёды праводзяцца раз у чатыры гады ў 2-ю нядзелю верасня. “Гэта не так, як у Беларусі, дзе вы не ведаеце, калі чакаць наступных выбараў. Я ж магу з упэўненасцю назваць дзень выбараў і праз 100 гадоў”, – зазначыў віцэ-мэр Сёдарчопінгу Маціяс Равандар (Mattias Ravandеr).

Упершыню аб’яднаныя выбары (нацыянальныя, рэгіянальныя і мясцовыя ў адзін дзень) былі праведзеныя ў 1970 годзе. Так зрабілі, каб больш людзей прыйшлі на выбары і каб ашчадзіць сродкі.

Галасуюць шведы з 18-гадовага ўзросту. Каля 6,5 млн чалавек у Швецыі маюць права голасу, у тым ліку і вязні ў турмах.

ММ, belsat.eu

Стужка навінаў