Выбар рабочых – эміграцыя ў Расею або рэвалюцыя ў Беларусі

video

Водгук гомельскіх праблемаў у раённым цэнтры Карме. Ліквідацыя чарговых філіялаў «Гомельаблбуду» пагаршае і без таго гаротны стан райцэнтраў Гомельшчыны. Закрылі даччыную арганізацыю – ПМК-102 – і ў гарадскім пасёлку.

«ПМК закрылася. ДЭУ існуе, але фактычна няма яго. У гэтых арганізацыях можна было зарабіць у міжсезонне, а зараз там працы няма», – распавядае жыхар Кармы Аляксандр Бандарэнка.

Працаўнікоў і тэхніку з Кармянскага ПМК перавялі ў Чачэрск, дзе падобнае прадпрыемства – ПМК-118 – кіраўніцтва здолела захаваць дзякуючы таму, што мясцовая арганізацыя была наймацнейшая ў «Гомельаблбудзе». Далучылі да Чачэрскай арганізацыі і буда-кашалёўскіх будаўнікоў.

Масавыя скарачэнні паўсюль

Значна скарацілася колькасць працаўнікоў і на іншым кармянскім прадпрыемстве, што давала заробак мясцовым жыхарам. Ад акцыянернага таварыства «Кармааграсервіс», якое стварылі на базе чатырох мясцовых арганізацыяў, засталася толькі шостая частка.

Цяпер у «Кармааграсервісе» занятыя каля васьмідзесяці асобаў замест ранейшых пяцісот. Тыя ж, хто працу страціў, займаюцца падсобнай гаспадаркай, безвынікова стаяць на біржы ці зʼяджаюць на заробкі. Жыхары Кармы прызнаюцца, што часта адзіным выйсцем зʼяўляецца працоўная эміграцыя ў Расею.

Зʼехаць або змагацца

Паводле звестак Белстату за травень, Карма ўваходзіць у тройку самых бедных раёнаў Беларусі. І ліквідацыя ды збанкрутаванне чарговых прадпрыемстваў сітуацыі зусім не паляпшаюць.

З гэтага становішча, калі няма рэформаў, зараз няма выйсця. Выйсце толькі адно – зʼязджаць з гэтай дзяржавы хто здольны працаваць. А каб вярнуцца ў семʼі, каб было ўдома добра, трэба мяняць гэтую ўладу, альбо ціснуць на яе каб яна праводзіла рэформы», – падсумоўвае Андрэй Тоўчын з мясцовага філіялу незалежнага прафсаюзу РЭП.

Ну а выбар – паміж спробай зарабіць у Расеі ды спробай змяніць сітуацыю ў сваёй краіне, каб зʼяджаць не даводзілася, – гэта ўжо справа кожнага.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары