«Выбачайце, начальства пагарачылася»: Прафесар Лебядзінскі пра тое, калі Расея верне Крым


14-15 кастрычніка 2016 года ў Вільні адбыўся II Форум свабоднай Расеі, на якім адбылося абмеркаванне актуальных праблемаў расейскай і міжнароднай палітыкі, а таксама сцэнароў выхаду Расеі з палітычнага, эканамічнага і цывілізацыйнага крызісу. Пра тое, чаго баіцца Пуцін, і калі Расея верне Крым Украіне, «Белсат» пагутарыў з адным з гасцей форуму – спеваком і фатографам Аляксеем Лебядзінскім, вядомым як Прафесар Лебядзінскі.


Спявак і фатограф Аляксей Лебядзінскі (Прафесар Лебядзінскі) вядомы больш за ўсё сваймі песнямі, якія ён выконвае незвычайна хрыплым тэмбрам голасу (напрыклад, «Я убью тебя, лодочник»). Лебядзінскі – адзін з крытыкаў палітыкі Пуціна, у траўні 2014 года ён па палітычных матывах пакінуў Расею і пераехаў у ЗША.


Ганна Русінава: Як вы бачыце сітуацыю сённяшняй Расеі?

Аляксей Лебядзінскі: Бачу, як і ўсе – перадкатастрафічна.

Як яе можна змяніць?

Каб я ведаў, як яе можна змяніць, я бы займаўся яе зменаю. Сваймі песнямі ды фотаздымкамі я наўрад ці змяню палітычную сітуацыю ў Расеі. Цяпер я толькі грамадзянін сваёй краіны, якому не ўсё роўна.

Чаму Пуцін выдаткоўвае вялікія грошы на падтрыманне дыктатарскіх рэжымаў у былых постсавецкіх краінах?

Таму што ён больш за ўсё баіцца Аранжавай рэвалюцыі – таго, што ў нейкім месцы недзе выбухне і перадасца на тэрыторыю Расеі. А гэта цалкам рэальна, улічваючы цяперашнюю эканамічную сітуацыю інфляцыі ды несувымерных малых заробкаў ды пенсіяў. Натуральна, людзі хутка стануць на дыбкі.

Каб яны не сталі на дыбкі, ім прыдумляюць знешняга ворага – нашых дарагіх украінцаў. Толькі апошняй сволачы такое магло прыйсці ў галаву – пасылаць наймітаў нашых братоў.

Вядома, Пуцін баіцца, што недзе выбухне – і тады пойдуць дальнабойнікі, абаронцы Хімкінскага лесу і тыя, у каго дзяржаўныя структуры «адціснулі» бізнес. На самой справе, нават у багатых людзей, якія маюць дачыненне да рабавання Расеі, ёсць прэтэнзіі да цяперашняй урадавай верхавіны.

Калі баланс паміж страхам і неабходнасцю прыбраць гэтую верхавіну пераважыць бок «прыбраць» (а я спадзяюся, што гэта здарыцца хутка), не будзе крывавай рэвалюцыі, а гэтую свалачная верхавіну проста прыбяруць любым спосабам. Ніколькі не буду шкадаваць, калі іх прыбяруць без суда і следства.

Падонкам трэба біць у пысу.

На што можа пайсці Пуцін, каб утрымаць уладу?

Пуцін пойдзе на ўсё. Абсалютна ўпэўнены, што калі цяпер збярэцца дэманстрацыя ды вырушыць на Белы дом, у яе будуць страляць. У Пуціна не засталося аніякіх аргументаў. Хлусня, што льецца са СМІ – сурʼёзная зброя супраць свайго ж народа.

Калі ён са сваім замбаваным народам, які верыць, што «Пуцін – нашае ўсё», скажа, што цяпер вораг – Польшча ці Літва, усе кінуцца на Польшчу ці Літву.

Гэта вельмі проста: трэба падарваць што-небудзь на тэрыторыі Расеі, а потым абвесціць па праклятай скрыні, што гэта зрабілі літоўцы ці беларусы. Калі ты папёр на братоў-украінцаў, чаму бы не паперці на братоў-беларусаў?

На жаль, замбаваны народ верыць ва ўсялякую хлусню, якая нясецца з тэлевізара: калі кажуць па тэлевізары – значыць, праўда. А там ані слова праўды.

І я – адзін з пацярпелых ад хлусні тэлебачання, у асноўным НТВ: кажу ім, што ў мяне турнэ на восем канцэртаў, і не магу ім даць інтэрв’ю – няма часу, а потым гляджу перадачу, у якой голас за кадрам кажа, што Лебядзінскі больш не спявае, ён фатаграфуе і прадаў сваю фатаграфію за $ 50 000. І я думаю – судзіцца з імі ці ў пысу даць? Другое было б у Расеі самым лепшым. Калі няма магчымасці разабрацца законным шляхам – а закон у Расеі не працуе, – значыць, трэба біць у пысу. Падонкі разумеюць толькі сілу.

А як супрацьстаяць СМІ, якія нясуць прапаганду?

Іх трэба забіраць з-пад кіраўніцтва і ўплыву Крамля.

Думаеце, гэта рэальна?

У гэтым жыцці ўсё рэальна. Вы ж ведаеце, што ў гісторыі ёсць шмат выпадкаў, калі нейкая дробязь паварочвала хаду сусветнай гісторыі: напрыклад, у Еўропе праз каханку пачыналіся войны.

Што здарыцца – ніхто не ведае, але я спадзяюся, што палацавы пераварот прывядзе да змены ўлады. Спадзяюся, што потым з’явяцца рычагі ўплыву на ўладу, што прыйдзе нехта больш кемлівы і не выжыўшы з розуму, той, хто не будзе весці народ да вайны. Той, хто вырашыць працягнуць свой бізнес. Яму прыйдзецца наладзіць адносіны з усім светам. Прывесці рэнамэ нашай краіны з самага свінскага ў нармальнае. Аддаць Крым, сказаўшы: «Выбачайце, папярэдняе начальства пагарачылася».

Гутарыла Ганна Русінава/ТП

Глядзі таксама
Каментары