Вясна ў Беларусі будзе цёплай і вільготнай


Такое абяцанне даў падчас прэс-канферэнцыі начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтру па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.

«Паводле сённяшніх разлікаў, вясна ў нашай краіне чакаецца цёплай, сярэдняя тэмпература паветра будзе на 1 – 1,5 градуса вышэй за кліматычную норму. Па паўднёвай палове чакаецца колькасць ападкаў вышэй за норму, у паўночных рэгіёнах – блізкае да сваіх кліматычных значэнняў. Вясна ў гэтым годзе ў нас будзе вільготнай», – сказаў Дзмітрый Рабаў.

Паводле яго ў першую дэкаду сакавіка сярэдняя тэмпература паветра будзе вышэй за норму на 5-7 градусаў. У чацвер-пятніцу тэмпература ўначы будзе ад – 5 па поўначы да + 2 у паўднёвых рэгіёнах. У суботу надворʼе зменіцца.

«З Міжземнага мора пачнуць паступаць больш цёплыя, але па-ранейшаму вільготныя паветраныя масы, чакаецца непрацяглае пацяпленне. У нядзелю і панядзелак тэмпература паветра ў начны час будзе ад + 1 да + 6 градусаў, удзень – 4-10, а ў паўднёвых рэгіёнах – да + 13 градусаў цяпла », – паведаміў спецыяліст.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў