Вясковае рэаліці-шоў на «Белсаце»! Прэмʼера ўжо сёння


Аўтара сакавітых нарысаў пра беларускую вёску Віктара Шукеловіча вы ўбачыце ў праграме «Вяскоўцы»  ўжо 6 верасня, а 21:25 глядзіце ў онлайне, а пасля на сайце

Як Пазняка прымушалі даказваць сваё шляхецтва, што за бароны сцерагуць людзей у вёсцы з часоў Вітаўта і чаму шляхціч уцякаў праз акно да габрэйскай дзяўчыны? Віктар – проста спец па цікавых аповедах і аўтар самага вядомага тосту ў нашай рэдакцыі – «За прыплод!». З гісторыяў, агучаных за рэдакцыйным сталом, спачатку нарадзілася папулярная аўтарская рубрыка, а цяпер – і цэлая праграма.

– Ты даўно марыў пра гэтую праграму, пра што яна будзе?

– Гэта будуць гісторыі пра цікавых людзей з вёскі, іх працу і адпачынак, рэгіянальныя асаблівасці ды традыцыі. Мы будзем распавядаць іх з любоўю ды іроніяй. Плюс элементы відэаблогерства. Напрыклад, чэленджы. У першым выданні я кладуся на мурашнік, каб вылечыць боль у спіне. Бо гераіня праграмы распавяла, што здаўна, калі лекаў не было, людзі ратаваліся такім спосабам. Сёння каля 75 % беларусаў жывуць у горадзе, вясковая самабытнасць хутка знікае, і нашая задача – захаваць яе элементы для будучых пакаленняў. Ды і мне вяскоўцы заўсёды падаваліся цікавейшымі за гараджанаў.

– Чаму?

– У горадзе даволі проста прадказаць погляды чалавека, нават паводле знешняга выгляду. А ў вёсцы ніколі дакладна невядома, хто перад табою. Напрыклад, бачыш пастуха ў зрэбнай вопратцы, а ён, аказваецца, паэт, піша вершы. Або, бывае, сустракаеш звычайную пенсіянерку і раптам даведваешся, што яна адмыслова ездзіць у Гомель, каб слухаць у грамадскім транспарце беларускую мову…

Фота са здымкаў праграмы «Вяскоўцы» 

 

– А сам што ж тады з вёскі з’ехаў? Ты ж паходзіш з Жупранаў.

– Я з’ехаў у 17-гадовым узросце, калі паступіў ва ўніверсітэт. Пакуль я не ведаю ніводнай вёскі, дзе можна атрымаць вышэйшую адукацыю. У горадзе сапраўды існуе больш магчымасцяў для чалавека, тут прасцей знайсці аднадумцаў і падтрыманне. Але калісьці я абавязкова вярнуся. Не памыляўся ўсё ж Францішак Скарына, калі казаў, што людзі, «дзе зрадзіліся і ўскормлены суць па Бозе, к таму месцу вялікую ласку імаюць».

Я мару адкрыць у Жупранах краязнаўчы музей. У часы ВКЛ мястэчка было цэнтрам кальвіністаў, тут яны праводзілі свае сіноды. Жупранамі валодалі Радзівілы, таму грошы былі і на прыход, і на школу, і на шпіталь. На пратэстантызм пачала пераходзіць і мясцовая шляхта, якая шчодра ахвяравала грошы на справы канфесіі. Яшчэ пра ўласную аграсядзібу мару. Калі ездзім здымаць рэпартажы, збіраю старыя рэчы, запісваю жарты, песні. Гэта такі непаўторны беларускі свет, які вельмі шкада было б страціць у часы небяспекі з боку «русского мира».

Праграма«Вяскоўцы» будзе выходзіць на «Белсаце» па серадах. Прэмʼера 1-га выдання – ужо 6-га верасня, а 21:25, пасля інфармацыйнага выдання «Абʼектыў».

Калі вы хочаце прапанаваць тэму ці стаць героем праграмы, пішыце аўтару wshukel@gmail.com.

Размаўляла Інга Астраўцова

Стужка навінаў