Вяртанне 90-ых? Забіты ў Менску бізнесмен мог быць ахвярай расейскіх крымінальнікаў


Шэраг новых брутальных злачынстваў і афіцыйнае прызнанне дзяржавы, што колькасць крымінальнікаў у Беларусі няспынна расце. Усё гэта не пакідае сумневу наконт складанай эканамічнай сітуацыі ў нашай краіне, а таксама ўсё большага ўплыву расейскіх крымінальных груповак.

Жорсткія забойствы, крывавыя расправы італьянскай мафіі са сваймі ворагамі. Усё гэта добра вядома з кадраў класікі кінематаграфіі. Аднак жудасныя сцэнары ўсё часцей ізноў становяцца рэчаіснасцю нашай краіны. Чарговы з іх – новае жорсткае забойства ў класічным сіцылійскім стылі. Мёртвага мужчыну знайшлі ў багажніку легкавога аўта на вуліцы Лібкнехта ў Маскоўскім раёне Менску побач з базай гародніны.

СВЕДКА :

«Быў перакрыты рух. Ніхто не мог не выехаць ні заехаць. Адразу было вядома што гэта. Быў натоўп, крыміналісты, міліцыя».

Як пацвердзіў Следчы камітэт, на трупе засталіся сляды гвалтоўнай смерці. Абставіны і асобу забітага пакуль высвятляюць.

Але, па неафіцыйных звестках, вядома, што забіты быў кіраўніком аднаго са сталічных дзяржаўных прадпрыемстваў. Яго знайшлі ў аўтамабілі маркі «Мерседэс» са звязанымі рукамі і прастрэленай галавой.

АЛЕГ ВОЛЧАК, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ:

«Усе кажуць: «Ліхія 90-ыя!» Так, такія злачынствы мелі месца пры нізкім узроўнях заробкаў, а таксама карупцыі, калі бізнес разбіраўся ў сваіх справах без дапамогі праваахоўнікаў шляхам забойстваў».

Па адной з неафіцыйных версіяў, забіты вёў справы з буйным расейскім бізнесам. Ён мог стаць чарговаю ахвяраю спробаў перараздзелу беларускага бізнесу, за якім стаяць расейскія крымінальныя групоўкі. Хто мог адважыцца на такую дэманстратыўную акцыю ў той час, як улады яшчэ яшчэ некалькі год таму адрапартавалі пра ліквідацыю мясцовай арганізаванай злачыннасці?

СВЯТЛАНА КАЛІНКІНА, ШЭФ-РЭДАКТАР «НАРОДНАЙ ВОЛІ»:

«Расея заўсёды ўплывала на крымінагенную сітуацыю ў Беларусі перш за ўсё таму, што інтэграцыя крымінальнага свету яна мацнейшая за ўсялякую палітычную інтэграцыю. Мы добра ведаем, што тыя, хто назіраюць за Менскам ад крыміналу гэта былі заўсёды тыя, каго прызначалі ў Маскве».

Забойства ў сталіцы папярэдзіў інцыдэнт на трасе Менск-Горадня непадалёк пасёлку Берагавы. Беларускім праваахоўнікам удалося разбіць расейскую крымінальную групоўку, чальцы якой спрабавалі вывезці ў Расею беларускіх грамадзянак. Як выявілася, злачынцы праз інтэрнэт вербавалі беларусак нібыта для працы ў Маскве. Насамрэч – прымушалі займацца прастытуцыяй.

У сваю чаргу беларускія мытнікі затрымалі новую партыю наркатычных сродкаў, якія ў нашую краіну спрабавалі правезці грамадзяне Расеі чачэнскай нацыянальнасці. З тэрыторыі ўсходняй суседкі жыхар Гомля прывёз рэкордную партыю насваю – больш за тону. І гэта крымінальныя навіны толькі за адзін няпоўны тыдзень.

АЛЕГ ВОЛЧАК, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ:

«Большая частка наркотыкаў трапляе ў Беларусь праз Расею. Тысячу кіламетраў адкрытая мяжа. Няма ні памежных пунктаў, ні рэйдаў, якія могуць гэта прыпыніць. Я не здзіўляюся, калі хутка сюды пачнуць фурамі вазіць. Цэль наступная: частка наркотыкаў застаецца ў Беларусі, частка ідзе на Захад».

Між іншымі наркотыкі і спрычыняюцца да росту злачынстваў у Беларусі. Паводле статыстыкі, летась іх колькасць павялічылася ажно на дзве тысячы.

СВЯТЛАНА КАЛІНКІНА, ШЭФ-РЭДАКТАР «НАРОДНАЙ ВОЛІ»:

«Ёсць адразу некалькі момантаў. Гэта канешне і стан нашай эканомікі і безумоўна стан сілавых ведамстваў, якія падкантрольныя толькі сабе і аднаму чалавеку ў гэтай краіне».

Некаторыя злачынства ўсё больш дзёрзкія. За апошні месяц у Менску адбылося два напады на ювелірныя крамы. Пры гэтым апошні на вуліцы Камсамольскай – усяго ў 300 метрах ад будынкаў КДБ і МУС. Рабаўнікоў дагэтуль не знайшлі.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў