Вярхоўны суд РФ прызнаў законным недапушчэнне Навальнага на прэзідэнцкія выбары


Вярхоўны суд Расеі адмовіўся задаволіць пазоў апазіцыянера Аляксея Навальнага на адмову ў рэгістрацыі яго кандыдатам на выбарах прэзідэнта. Суд падтрымаў пазіцыю пракуратуры і Цэнтрвыбаркама, які адмовіў Навальнаму, спаслаўшыся на яго судзімасць.

Адвакаты палітыка заявілі, што не згодныя з рашэннем суда і маюць намер абскардзіць яго ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека.

25 снежня Цэнтральная выбарчая камісія РФ адмовілася дапусціць Навальнага на прэзідэнцкія выбары з-за яго судзімасці. У лютым 2017 года Навальны паўторна быў прызнаны вінаватым у арганізацыі крадзяжу маёмасці прадпрыемства «Кировлес» і атрымаў пяць гадоў умоўна. Першы прысуд па «Кировлесу», вынесены ў 2013 годзе, быў адменены пасля рашэння Еўрапейскага суда па правах чалавека.

Пасля адмовы Цэнтрвыбаркама Навальный заклікаў сваіх прыхільнікаў байкатаваць выбары і анансаваў акцыі пратэсту ў падтрыманне байкоту. Прыхільнікі апазіцыянера ўжо пачалі падаваць папярэднія заяўкі на правядзенне такіх акцый – яны запланаваныя на 28 студзеня ў больш чым 90 гарадах краіны.

Выбары прэзідэнта Расеі пройдуць 18 сакавіка 2018 года. Пуцін збіраецца балатавацца на чацверты тэрмін.

КА, belsat.eu, паводле meduza.io

 

 

Стужка навінаў