Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны прысуд рэцыдывісту Сяргею Хмялеўскаму


Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны прысуд, вынесены 31-гадоваму жыхару Менскага раёну Сяргею Хмялеўскаму.

У лютым 2016 года ён быў прызнаны вінаватым у забойстве трох чалавек і прысуджаны да выключнай меры пакарання, паведамляе БелаПАН.

Забойства ў вёсцы Мачулішчы Менскага раёну адбылося 1 лістапада 2014 года. Па версіі следства, Хмялеўскі разам з суседзямі распіваў спіртныя напоі. Падчас узніклай сваркі ён нанёс восем удараў мужчыну і 12 удараў жанчыне. Ахвяры памерлі на месцы. Пасля гэтага зламыснік падпаліў дом. У двары ён убачыў яшчэ аднаго суседа. З мэтай ліквідаваць сведку Хмялеўскі скінуў мужчыну ў глыбокую яму. Ад атрыманых траўмаў пацярпелы памёр у лякарні.

Хмялеўскі таксама прызнаны вінаватым у крадзяжы і парушэнні ўмовы прэвентыўнага нагляду.

Раней Хмялеўскі быў неаднаразова судзімы – за крадзяжы, разбой, рабаванне, збіццё. У агульнай складанасці ён правёў у месцах пазбаўлення волі 13 гадоў.

Першапачаткова за ўчыненыя злачынствы Хмялеўскі быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення. Родныя забітых не пярэчылі супраць гэтага рашэння. Пратэст на прысуд падаў пракурор з патрабаваннем замяніць меру пакарання на выключную. Пасля суд падтрымаў довады дзяржаўнага абвінаваўцы.

На сённяшнім пасяджэнні пракурор Алена Дзямко падкрэсліла, што віна Хмялеўскага даказаная цалкам.

Хмялеўскі мае права звярнуцца з хадайніцтвам аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы. Ён таксама мае права накіраваць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў