У Вярхоўнай Радзе Украіны арыштавалі Надзею Саўчанку


Вярхоўная Рада Украіны дала згоду на зняцце дэпутацкай недатыкальнасці, затрыманне і арышт народнага дэпутата Надзеі Саўчанкі.

Выданне Цензор.НЕТ паведамляе, што Саўчанку затрымалі ў будынку Вярхоўнай Рады на вачах у журналістаў. Яе адвезлі ў СБУ .

Сёння на паседжанні Рады адбылося галасаванне па пытаннях прыцягнення Саўчанкі да крымінальнай адказнасці, затрымання і арышту. Большасцю галасоў дэпутаты падтрымалі гэтыя пункты. Пасля гэтага Саўчанка здала сваю картку для галасавання і сышла з сесійнай залі парламента.

«У следства ёсць бясспрэчныя доказы таго, што Надзея Саўчанка асабіста планавала, асабіста прыцягвала, асабіста давала ўказанні, як правесці тэрарыстычны акт тут, у гэтай зале, знішчыўшы баявымі гранатамі дзве ложы – урадавую і «службовых асобаў», мінамётамі абрынуўшы купал Вярхоўнай рады і аўтаматамі дабіць тых, хто выжыве», – паведаміў 15 сакавіка генеральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка.

Саўчанка лічыць гэтыя абвінавачванні дурнымі і смешнымі. Па яе словах, тое, што яна малявала схемы знішчэння ўрадавага квартала ў Кіеве, яшчэ не значыць, што яна хацела гэта ажыццявіць.

Саўчанку абвінавачваюць у здзяйсненні крымінальных злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт.14 (падрыхтоўка да злачынства), ч.2 арт.28 (здзяйсненне злачынства групай асобаў, групай асобаў па папярэдняй змове, арганізаванай групай або злачыннай арганізацыяй), ч.1. ст.109 (дзеянні, накіраваныя на гвалтоўнае змяненне або звяржэнне канстытуцыйнага ладу ці на захоп дзяржаўнай улады), ст.112 (замах на жыццё дзяржаўнага або грамадскага дзеяча), ч.3 ст.258 (тэрарыстычны акт), ч.1 арт. 253-3 (стварэнне тэрарыстычнай групы або тэрарыстычнай арганізацыі), ч.1 ст.263 (незаконнае карыстанне зброяй, баявымі прыпасамі або выбуховымі рэчывамі) Крымінальнага Кодэксу Украіны.

ГА, паводле unian.net Фота REUTERS/Valentyn Ogirenko

Стужка навінаў