Вярхоўная рада Украіны афіцыйна замацавала імкненне ўступіць у НАТА


Большасць дэпутатаў Вярхоўнай рады прагаласавала за законапраект, які замацоўвае імкненне Украіны стаць чальцом Паўночнаатлантычнага альянсу, паведамляе інфармацыйнае агенцтва УНІАН.

Законапраект падтрымалі 276 з 357 дэпутатаў ад шэрагу партый. Толькі фракцыя «Апазіцыйны блок» цалкам адмовілася ўдзельнічаць у галасаванні.

Аўтары законапраекту, сярод якіх спікер Рады Андрэй Парубій, экс-міністр замежных спраў Барыс Тарасюк, першы віцэ-спікер Ірына Герашчанка, патлумачылі неабходнасць паглыблення супрацоўніцтва з НАТА і імкненне Украіны ў будучыні стаць чальцом альянсу.

«Агрэсія Расейскай Федэрацыі супраць Украіны, анексія часткі ўкраінскай тэрыторыі паставіла перад украінскай дзяржавай неадкладную задачу адносна рэальнага гарантавання нацыянальнай бяспекі краіны», – адзначана ў тлумачальнай запісцы да законапраекту.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка неаднаразова падкрэсліваў важнасць уступлення краіны ў НАТА. Канчатковае рашэнне будзе прынятае падчас рэферэндуму.

КА, belsat.eu, фота zn.ua

Стужка навінаў