Вярхоўная Рада прыняла закон аб рэінтэграцыі Данбаса


Законапраект падтрымалі 280 народных дэпутатаў Украіны.

Паводле тэксту закона, часовая акупацыя РФ тэрыторый Украіны незалежна ад яе працягласці з’яўляецца незаконнай і не стварае для РФ ніякіх тэрытарыяльных правоў.

Да часова акупаваных Расеяй тэрыторый у Данецкай і Луганскай абласцях уваходзяць зямля, рэкі, азёры, ўнутраныя марскія воды, нетры і паветраная прастора над гэтымі тэрыторыямі. Межы акупаваных тэрыторый у гэтых абласцях, вызначаюцца прэзідэнтам па прадстаўленні Мінабароны.

Закон вызначае, што Украіна будзе прызнаваць толькі два дакументы, якія выдаюцца на акупаванай тэрыторыі: пасведчання аб нараджэнні і смерці.

Адказнасць за маральную і матэрыяльную шкоду, прычыненую Украіне і яе грамадзянам, ускладаецца на Расейскую Федэрацыю. Асобы, якія прымалі ўдзел ва ўзброенай агрэсіі або акупацыйнай адміністрацыі, нясуць крымінальную адказнасць.

За грамадзянамі Украіны захоўваецца права ўласнасці на акупаваных тэрыторыях.

У законе асаблівая ўвага надаецца ўкараненню ваеннага становішча. У выпадку ўвядзення ваеннага становішча каардынацыю і кантроль на акупаванай тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей ажыццяўляе Абʼяднаны аператыўны штаб ВСУ пры кіраўніцтве Генштаба, а не СБУ, як раней.

Адметна, што ў канчатковай версіі закона прыбралі згадку пра менскія пагадненні.

Закон уступае ў сілу з дня, наступнага за днём яго апублікавання.

КА, belsat.eu, паводле pravda.ua

Стужка навінаў