Вярхоўная Рада 8.0 - без калабарантаў і здраднікаў


Уплывовы ўкраінскі публіцыст Віталь Портнікаў распавядае для belsat.eu пра новы парламент, галоўнага калабарацыяніста Беларусі і тлумачыць чаму Украіна больш еўрапейская дзяржава чым Вугоршчына і Славаччына.

Вярхоўная Рада 8.0 – без калабарантаў і здраднікаў 

Які галоўны вынік гэтых выбараў?

З’явіўся першы ўкраінскі парламент. Бо ўва ўсіх папярэдніх парламентах галоўны палітычны канфлікт палягаў на суадносінах сілаў, паміж палітыкамі, якія адстойвалі ідэю незалежнай, суверэннай, дэмакратычнай дзяржавы, і тымі, хто лічыў украінскую незалежнасць недарэчнасцю ды часовым перапынкам напярэдадні ўз’яднання з Расейскаю Федэрацыяй. Беларусам гэтая сітуацыя мае быць знаёмая.

Ваш парламент за выключэннем некалькіх кароткіх эпізодаў у сваёй гісторыі цалкам складаўся з калабарацыяністаў. Галоўны калабарацыяніст цяпер кіруе Беларуссю.

Украінскі парламент з’явіўся, бо экс-рэгіяналы, камуністы і ўвогуле прарасейскія сілы страцілі рэгіёны, дзе традыцыйна мелі высокія рэйтынгі? Маецца на ўвазе Крым і Данбас.

Ёсць дзве рэчы, якія зрабілі наш парламент украінскім – Майдан і Пуцін.

Майдан стварыў палітычную нацыю ў межах заходняй і цэнтральнай часткі краіны, а акупацыя Расеяй Крыму і Данбасу змусіла больш рэалістычна глядзець на свет жыхароў усходніх рэгіёнаў Украіны. Рэгіяналы і іншыя калабарацыяністы ды здраднікі нацыянальных інтарэсаў мелі неблагую падтрымку не толькі на гэтых тэрыторыях. Зусім нядаўна іх падтрымлівалі і ў Днепрапятроўскай, і ў Харкаўскай вобласцях.

Не падабаецца еўрапейскі выбар – з’яжджай 

Тым не менш у Марыупалі і не толькі, партыя Сяргея Цігіпкі (лідар партыі «Сильна Україна», якая паўстала з абломкаў Партыі рэгіёнаў) набрала даволі шмат галасоў і праходзіць у новы парламент.

Гэта кажа пра тое, што ўкраінскае насельніцтва неаднастайнае ў сваіх поглядах і што Данбас дагэтуль ёсць рэгіёнам, які падтрымлівае прарасейскі вектар. Галоўнае, каб гэтых людзей было недастаткова для ўплыву на выбар дзяржавы. Гэтыя людзі могуць бараніць добрасуседскія адносіны з Расеяй, калі тая вызваліць акупаваныя тэрыторыі, адстойваць развіццё эканамічных адносінаў з Масквою, пасля таго, як яна перастане дыктаваць нам умовы і фармат гэтых адносінаў. Яны могуць сябраваць з Расеяй, калі тая зменіцца, але не могуць навязваць усёй краіне адмову ад еўрапейскага і еўраатлантычнага шляху развіцця. Выбар тут нескладаны.

Альбо людзі пагаджаюцца з тым, што жывуць у незалежнай краіне, якая ідзе ў Еўропу, альбо не прымаюць гэтага выбару, збіраюць валізку, з’язджаюць і жывуць з цывілізацыяй, якая ім зразумелая. Мне падаецца, што гэта выбар нармальнага цывілізаванага чалавека. Калі яму не падабаецца краіна, у якой ён жыве, то ён проста бярэ і з’язджае.

Апошні аплот імперыі і параза любімай партыі Уладзіміра Пуціна

То бок гэтыя выбары, на вашую думку, мелі праеўрапейскі характар?

Яны мелі цывілізацыйны характар. Гэта быў выбар Украіны, а не Расеі. 23 гады запар былая метраполія, якая спрабавала навязаць сваім жыхарам выбар Расейскай імперыі. З 24 жніўня 1991 г. (дзень абвяшчэння незалежнасці Украіны – belsat.eu) спачатку адміністрацыя Барыса Ельцына, пазней адміністрацыя Уладзіміра Пуціна думала толькі пра адно – аднаўленне імперыі.

Гэтыя выбары паказалі, што Расейская імперыя загінула, а тыя, хто займаецца яе рэанімацыяй уласнаручна ўбіваюць цвік у труну Расейскай Федэрацыі – апошні аплот гэтай імперыі.

Расейскія медыі даволі стрымана каментуюць вынікі парламенцкай гонкі ва Украіне. Масква называе іх «бруднымі і жорсткімі», але прызнае волевыяўленне ўкраінскага народу. Як вам падаецца чаму?

Нашыя расейскія калегі ўвогуле не журналісты. Яны проста не атрымалі загаду зверху, яны працуюць у фармаце рэалізацыі каштоўных указанняў з Крамля. Пуцін і каманда відавочна яшчэ не вызначыліся, ці пачынаць ім баявыя дзеянні, а можа, разважаюць над тым, каб пачакаць да вясны. Пакуль загаду няма, расейскія медыі будуць маўчаць. Апрача таго ім цяжка што-кольвек каментаваць. Народ выказаўся, але зрабіў гэта такім чынам, што здраднікі ў парламент не трапілі. Любімая партыя Уладзіміра Пуціна, Правы сектар, які паводле версіі расейскіх медыяў з першага дня Майдану забіваў дзяцей, як бачым, не трапіў у Вярхоўную Раду. 2 % – гэта іх рэальны ўзровень падтрымкі.

Нацыяналістычная партыя «Свабода» таксама не пераадолела бар’еру 5 %. Пры гэтым Алег Цягнібок быў на Майдане кожны дзень.

Шчыра кажучы, шкада, бо гэта партыя Майдану. Яе прадстаўнікі зрабілі нямала, каб аўтарытарны рэжым быў знішчаны. Але хачу заўважыць, што рэйтынг радыкальна настаўленых палітычных сілаў, якія рэпрэзентуюць г. зв. этнічны нацыянальны праект яны проста не карыстаюцца папулярнасцю. Насамрэч этнічны неанацыяналізм – гэта не нашая праблема, а Расеі, дзе яе падтрымлівае пераважная большасць насельніцтва.

Украіна больш еўрапейская чым Вугоршчына і Славаччына

Гэтыя выбары ўмацавалі пазіцыі Радыкальнай партыі Алега Ляшка. Што вы думаеце пра яго палітычную праграму і пра ўсё гэтыя вілы, вышыванкі?

Яго палітычная праграма, зрэшты як і любога папуліста – гэта набор лозунгаў.

Ці значыць гэта, што ўкраінцы пакуль будуць дэманстраваць сваю палітычную наіўнасць?

Што значыць пакуль? Партыі з такой колькасцю «галаскоў» ёсць у парламенце любой еўрапейскай краіны. Пагатоў у парламентах цэнтральна-еўрапейскіх краінаў. У некаторых партыях гэтага рэгіёну палітычныя сілы такога кшталту фармуюць урады. Паглядзіце на ўрад Славаччыны і Вугоршчыны. Зірніце на вугорскую партыю “Ёбік” (ультраправая нацыяналістычная партыя, якая мае 46 дэпутацкіх мандатаў з 386 – belsat.eu). На гэтым фоне Украіна выглядае куды больш еўрапейскай краінаю, чымся шэраг яе суседзяў, якія з’яўляюцца сябрамі Еўразвязу.

І як быць, калі праз 10 гадоў вось такі спадар Ляшко выйграе парламенцкія выбары ва Украіне?

Калі такая папулісцкая партыя пераможа пра 10 гадоў, гэта будзе азначаць, што ў нас ёсць працуючая сістэма палітычных гарантыяў, якую ніводная партыя не будзе ў стане зруйнаваць. Нягледзячы на ўсе прэтэнзіі да ўрадаў Вугоршчыны і Славаччыны, яны дэмакратычныя.

Беларусь, якая нішчыць сваю дзяржаўнасць – пагроза для Украіны

 На чым павінен будзе сканцэнтравацца новы ўрад?

Найперш на эканамічных пытаннях і ўмацаванні вайскова-тэхнічнага патэнцыялу Украіны. Ужо зразумела, што галоўная небяспека для нашай дзяржавы сканцэнтравана на Усходзе і што мяжа з Мытным саюзам павінна быць непрабівальнай.

У тым ліку і мяжа з Беларуссю?

Пакуль Беларусь – саюзніца агрэсіўнай Расеі. Сёння Лукашэнка дае адныя абяцанні. Заўтра будзе даваць іншыя. Сёння ён кіруе краінай, а заўтра Масква зладзіць дзяржаўны пераварот і прызначыць прэзідэнтам супрацоўніка ФСБ, што пры высокім узроўні транспарэнтнасці беларускіх і расейскіх сілавых элітаў цалкам магчыма. І што тады? Калі Беларусь створыць з Расеяй сапраўдную мяжу бяспекі неабходную для выжывання беларускай дзяржавы і народу тады Беларусь будзе ўспрымацца ва Украіне інакш.

Пакуль улады Беларусі і грамадства робяць усё для ліквідацыі беларукай дзяржаўнасці – вы для нас небяспечныя.

Гутарыў Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў