Вялізны беларускі арнамент і партрэт Быкава – новыя планы вулічных мастакоў у Горадні


Князь Вітаўт, алень святога Губэрта, крумкач з Каложаю на спіне – арыгінальныя графіці з беларускім каларытам з’явіліся ў Горадні. «Гэтых дробязяў мы не ўлічваем. У горадзе мы пакінулі толькі адзін малюнак», – адзначыў каардынатар праекту «Must ActMust Art» Алег Ларычаў.

Вітаўта схавалі на помпавай станцыі

Горадня стала пятым горадам, куды даехалі графіцісты са стрыт-суполкі «SIGNAL» – раней яны стварылі графіці ў Магілёве, Гомлі, Рагачове ды Баранавічах. Мастакі планавалі таксама ўпрыгожыць Мазыр, але не склалася супраца з мясцовымі ўладамі. Кіраўніцтва гораду з самага пачатку спрабавала дыктаваць, што і дзе трэба намаляваць. Умовы стрыт-мастакоў былі наступныя: ці мы малюем, як бачым, ці не малюем увогуле. У выніку хлопцы адмовіліся працаваць у Мазыры, а на сцяне стрыт-суполкі ў сацсетках з’явіўся надпіс «Разам мы маразам». Аднак графіцісты адзначаюць, што сустракалі і больш прыязных чыноўнікаў. Да прыкладу, у Рагачове з дазволу мясцовага начальства на сцяне пяціпавярховіку застаўся партрэт Уладзіміра Караткевіча, а ў Баранавічах – выява князя Кейстута.

У Горадні афіцыйна далі дазвол на размалёванне адной сцяны, але затое якой – на дзевяціпавярховіку. На ёй стварылі самы вялікі ў краіне арт-абект: з-пад балончыка мастака Яўгена Mutus‘а выйшаў чалавек, што адрываецца ад зямлі – гледачы, аднак, паспяваюць заўважыць толькі падэшвы ягоных кедаў. Астатнія ж малюнкі – гэта дробязі, сцвярджаюць графіцісты.

 

[vc_single_image image=”346838″ img_size=”large”]

«Тут нам забаранілі выкарыстоўваць сцены, якія добра відаць з буйных вуліцаў. Таму мы малявалі часта на сценах нежылых дамоў, схаваных у дварах», – патлумачыў Алег Ларычаў.

Некаторыя гарадзенцы крыўдавалі, што выяву князя Вітаўта пакінулі на будынку помпавай станцыі, якая згубілася сярод дамоў. Высветлілася, што аўтар Silen марыў стварыць князя ў буйнейшым фармаце, аднак, не дачакаўшыся дазволу заняць шматпавярховік, зрабіў прынамсі невялікі партрэт. Балончыку Silen‘а належаць выявы каралевы Боны Сфорцы ды князя Кейстута ў іншых гарадах.

[vc_single_image image=”346839″ img_size=”large”]

Яўгену Cowek‘у пашчасціла менш. Гарадскія архітэктары дагэтуль не вырашылі, ці ўваходзіць будынак, на якім ён меў маляваць, у гістарычны цэнтр. Адмыслова прыехаўшы ў горад, Cowek паехаў, не пакінуўшы па сабе слядоў.

«І толькі ў Горадні мы арандавалі аўтавышку і лесвіцы за свае грошы, хаця ўлады былі быццам зацікаўленыя нашымі прапановамі», – паскардзіўся каардынатар «Must ActMust Art».

Каардынатар: Чыноўнікі ставіліся пазітыўна да беларускай тэмы

Архітэктар Алесь Контрапераняўся лёсам унікальнага беларускага помніку архітэктуры – Каложскай царквы, пра разбурэнне якой загаварылі нядаўна. Плодам ягоных перажыванняў стала графіці агромістага крумкача, што нясе малую Каложу на карку.

«Крумкач – мудрая птушка, якая жыве да 150 год. Каложы таксама ўжо шмат стагоддзяў. Але дастаткова птушцы зрабіць няправільны рух – і святыня паляціць у прорву. Прывід рэканструкцыі. Гэтага не варта тлумачыць наўпрост. Але хацелася б захаваць каштоўны архітэктурны помнік», – разважае пра свой твор Контра.

Адначасова ён просіць не ўспрымаць сурёзна другую ягоную птушку, якую намаляваў у падземным пераходзе. Стварэнне жвавай яскравай істоты ён тлумачыць сваёй абуджанай апошнім часам схільнасцю маляваць птушак.

[vc_single_image image=”346840″ img_size=”large”]

Старадаўні сімвал Горадні – аленя святога Губэрта з панарамай цэнтру гораду паміж рагамі – стварыла Маша Grapewave.

«А дзе крыж?» – пыталіся гараджане пра абавязковы элемент паміж рагамі аленя.

«Крыж ёсць, проста ён малы атрымаўся. Калі малявала, ён апынуўся на адным з будынкаў гораду», – заўважыла дзяўчына. Яна крыху расчараваная сваёй працай, бо выйшла не так, як уяўляла, хоць мінакі захапляюцца ейным творам.

«Чыноўнікі былі вельмі зацікаўленыя беларускай тэмай, пазітыўна ставіліся да ідэяў графіці з нацыянальным каларытам», – сцвярджае каардынатар праекту.

[vc_single_image image=”346841″ img_size=”large”]

Аўтары ж адзначылі, што сярод гараджанаў не было абураных з «пэцкання сценаў», наадварот – большасць цешылася з каляровых фарбаў. Мастакі спадзяюцца, што ў Горадні яшчэ атрымаецца намаляваць вялізны беларускі арнамент і… Васіля Быкава. Пакуль жа яны зрабілі перапынак і пакінулі свае творы, не пераймаючыся іх будучыняй.

«Вандалы?.. Нашая справа – маляваць, істотны сам працэс. Галоўнае, каб гледачы не праходзілі міма. Калі ж графіці замалююць, значыць, мой твор нешта закрануў, не спадабаўся, і чалавек не паленаваўся зафарбаваць яго. Гэта таксама добра», – усміхаецца Алесь Контра.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў