Вялікі злёт дабраахвотнікаў у Варшаве. Фотарэпартаж


Некалькі тысяч удзельнікаў польскіх вайскова-патрыятычных арганізацыяў адзначылі ў Варшаве 76-я ўгодкі нападу СССР на Польшчу ў верасні 1939 г.

[vc_single_image image=”368043″ img_size=”large”]

Яны не любяць слова «парамілітарныя» арганізацыі. Лічаць, што гэта слова мае негатыўны сэнс. У Польшчы ваенізаваныя арганізацыі, вайскова-патрыятычныя таварыствы называюць «абарончыя». Пачалі называць, бо адзін тэрмін патрэбны каб з дзясяткаў разнастайных структураў стварыць адну – Федэрацыю абарончых арганізацыяў.

Дзеля гэтага вучні вайсковых класаў, добраахвотніцкія аддзелы, парамілітарныя арганізацыі правялі першы Абарончы злёт на Плошчы Пілсудскага ў Варшаве. Мэта – звярнуць на сябе ўвагу і заклікаць падтрымаць грамадскія ініцыятывы па абароне краіны.

Дата выбраная не выпадкова. 17 верасня 1939 г. Масква разарвала дамову пра неагрэсію з Варшаваю. Чырвоная армія па падставе савецкіх дамоўленасцяў з Нямеччынай перакрочыла ўсходнюю мяжу Польшчы і заняла тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.

Сёння польскую моладзь выхоўваюць так, каб яна памятала – тое што адбылося раз – можа паўтарыцца зноў.

Тым больш, што ў выніку расейскай агрэсіі ва Украіне, а раней у Грузіі, у палякаў вырасла пачуццё небяспекі. Усё часцей гучаць галасы тых, хто заклікае разлічваць не толькі на рэгулярнае войска і дапамогу саюзнікаў па НАТО, але і будаваць добраахвотніцкі, тэрытарыяльны кампанент узброеных сілаў. Тым больш папулярнасць абарончых арганізацыяў расце.

У той жа час прафесійнае войска, ці хутчэй ягоных творцаў, крытыкуюць за тое, што невялікая армія адпаведная толькі для замежных місіяў а не для абароны ўласнай тэрыторыі. На заходніх саюзнікаў палякі таксама не надта разлічваюць. Яны іх падвялі ў верасні 1939 г. Фармальна абвесцілі вайну Гітлеру, але не пачалі актыўных дзеянняў, пакінуўшы Варшаву сам на сам з мацнейшым ворагам. А праз некалькі тыдняў, пачакаўшы, пакуль Гітлер умацуе свой поспех, у спіну ўдарыў Сталін.

Чытайце таксама: «Расце другое войска Польшчы». Рэпартаж

«Уз’яднанне» Беларусі пад савецкай акупацыяй

Цяпер польскае міністэрства абароны стварае Федэрацыю абарончых арганізацыяў, якая мае аб’яднаць усіх тых, хто добраахвотна, але па-за структурамі рэгулярнай арміі рыхтуецца абараняць сваю тэрыторыю.

Да сёння невядома які будзе статус у добраахвотнікаў у Польшчы. Ці будуць яны рэзервам Узброеных сілаў ці асобным родам войскаў побач з рэгулярнай арміяў. Ці будуць мець доступ да зброі і вайсковых вучэнняў. Адно вядома дакладна – колькасць расце.

[vc_single_image image=”368126″ img_size=”large”]

Паводле неафіцыйных ацэнак у абарончых арганізацыях можа ўдзельнічаць нават 30 тыс. асобаў.

С.П. для belsat.eu

Стужка навінаў