Вялікі канцэрт Лявона Вольскага ў Вільні


Падобна, што славу найбуйнейшай пляцоўкі для забароненых у Беларусі музыкаў заваявала Вільня. Гэтым разам беларуская рок-легенда Лявон Вольскі рыхтуе віленскую прэзентацыю альбома «Грамадазнаўства». Увага: наведнікам – бясплатныя візы!

Пашыраны 2,5-гадзінны выступ адбудзецца 11 кастрычніка ў Teatro arena. Прагучаць не толькі кампазіцыі з новага альбома, але і хіты N.R.M., “Мроі”, Zet.

«Я ўжо і не памятаю, калі мы рабілі такую вялікую па колькасці песень і храналагічным ахопе праграму. Тым больш у паўнавартасным рокавым гучанні, – прызнаецца Лявон Вольскі. – Было цікава ўзгадаць шмат песень з мінулага – асабліва ўсе гэтыя рок-гімны 90-х і 2000-х, на якіх мы зробім вялікі акцэнт. Сучасны склад музыкаў безумоўна дадае ў іх нешта сваё, але не змяняе іх сутнасць».

У праграме канцэрта – 33 песні, 11 з альбому “Грамадазнаўства”, астатнія ж – гэта лепшыя песні розных гадоў.

«Кожная частка будзе мець свой сэнс і сваю атмасферу, – распавядае музыка. – Альбом “Грамадазнаўства” будзе хутчэй у выглядзе сучаснай рок-оперы. Граць яго будзем амаль без паўз, з адмысловым святлом і дадатковым гукавым аздабленнем. То бок, гэтая частка будзе, каб паслухаць, атрымаць настрой. А потым будзе вялікая другая частка ў фармаце рок-канцэрта, каб добра паспяваць і паскакаць».

Квіткі на канцэрт яшчэ ёсць у продажы ў агенцыі “Шаблі” (бясплатныя візы, папярэдняя рэгістрацыя не патрэбна) і TicketPro (без візавай падтрымкі). Кошт: 350 тыс. руб. (танцпол), 500-700 тыс. руб (партэр). Аўтобусны тур Мінск-Вільня-Мінск – 500 тыс. руб. Інфалінія (033) 6555596. Падрабязная інфармацыя на старонцы www.shabli.by.

Альбом “Грамадазнаўства” даступны для спамавання тут

Настасся Яўмен, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары