Вялікая Брытанія «выганяе» расейскіх дыпламатаў і спыняе з Масквой усе кантакты на вышэйшым узроўні


Вялікая Брытанія вышле з краіны 23 прадстаўніка расейскага дыпламатычнага корпусу ў звязку з замахам на былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля ў Солсберы, заявіла прэм’ер-міністр краіны Тэрэза Мэй.

«Няма ніякай іншай высновы, акрамя той, што расейская дзяржава стаіць за замахам на Скрыпаля і ягоную дачку» – цытуе Тэрэзу Мэй bbc.com.

Брытанскі бок мяркуе, што гэтыя дыпламаты працуюць на расейскую выведку. Іх аб’явілі персонамі нон грата.

Расейская амбасада ў Вялікай Брытаніі назвала рашэнне брытанскага ўраду «варожым крокам».

Крыніца: rus.rusemb.org.uk

Рашэнне аб высылцы дыпламатаў было прынятае пасля таго, як Масква не адказала на патрабаванне кіраўніцы брытанскага ўраду цягам содняў патлумачыць, якім чынам атрутнае рэчыва, распрацаванае ў Расеі, апынулася ў Брытаніі.

МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква гатовая даць тлумачэнні цягам 10 дзён пасля таго, як атрымае афіцыйны запыт.

14 сакавіка Вялікая Брытанія прыняла рашэнне аб скліканні пазачарговага пасяджэння Рады бяспекі ААН.

Таксама Брытанія вырашыла:

  • замарозіць усе кантакты з Масквой на вышэйшым узроўні
  • адклікае запрашэнне, накіраванае кіраўніку расейскага МЗС Сяргею Лаўрову наведаць Лондан
  • узмацняе кантроль за грамадзянамі РФ, якія прыязджаюць у Брытанію

Акрамя таго, брытанскія высокапастаўленыя чыноўнікі ды каралеўская сям’я не паедуць на Чэмпіянат свету па футболе, які пройдзе летам у Расеі.

Нагадаем, замах на Сяргея Скрыпаля адбыўся 4 сакавіка: былы афіцэр ГРУ і ягоная дачка былі знойдзеныя на лаўцы каля гандлёвага комплексу ў горадзе Солсберы. Іх атруцілі нервова-паралітычным газам «Новичок», распрацаваным у Расеі. Пасля здарэння брытанскія ўлады накіравалі ў Солсберы каля 180 вайскоўцаў хімабароны.

66-гадовы Сяргей Скрыпаль, яго 33-гадовая дачка Юлія, а таксама сяржант паліцыі Нік Бэйлі, які першым прыбыў на месца здарэння, застаюцца ў рэанімацыі. Акрамя таго, па медыцынскую дапамогу ў шпіталі звярнуўся яшчэ 21 чалавек – усе яны знаходзіліся 4 сакавіка побач з месцам атручвання Скрыпаля.

Спецыялісты сцвярджаюць, што «Новичок» надзвычай моцны яд – ад яго людзі паміраюць або становяцца непрацаздольнымі інвалідамі.

У 2006 Скрыпаль быў прысуджаны ў Расеі да 13 гадоў зняволення за тое, што перадаў брытанскай выведцы сакрэтныя звесткі. У 2010-м Скрыпаль атрымаў у Вялікай Брытаніі прытулак пасля абмену выведнікамі паміж ЗША і РФ. Потым былы афіцэр ГРУ атрымаў брытанскае грамадзянства.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары