Вялікае перасяленне: 40 тысячаў уцекачоў з Італіі і Грэцыі размяркуюць па краінах ЕЗ


Еўракамісія абавяжа краіны Еўразвязу прыняць фіксаваную колькасць уцекачоў. Францыя, Польшча, Вугоршчына і Вялікая Брытанія супраць.

40 тысячаў уцекачоў, якія цяпер знаходзяцца ў Італіі і Грэцыі, пераселяць у іншыя краіны Еўразвязу. Такая мера запланаваная ў дакуменце, які сёння прадставіць Еўракамісія, паведамляюць газета «Süddeutsche Zeitung» і агенцтва Associated Press (AP).

Згодна з дзеючым заканадаўствам, уцекачы, якія просяць прытулак, застаюцца ў той краіне, праз якую яны трапілі ў Еўразвяз. Італія, Грэцыя і Мальта, дзе і застаецца большасць нелегалаў, якія даплылі да Еўропы праз Міжземнае мора, нязгодныя з такімі правіламі.

З паўднёваеўрапейскіх краінаў мігранты будуць пераселеныя ў іншыя краіны Еўразвязу. Колькасць перасяленцаў вызначаецца квотамі, якія залежаць ад насельніцтва краіны, эканамічнага развіцця і ўзроўню беспрацоўя.

«Прапанова не ідэальная, але дазваляе зрабіць вялізны крок наперад, таму што яна ўводзіць прынцып салідарнасці», – пракаментавала ініцыятыву Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у пытаннях вонкавай палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыка Магерыні.

Паводле плану, Нямеччына прыме 18 % мігрантаў, Францыя – 14 %. На кожнага перасяленца краіна, якая будзе яго прымаць, атрымае 6 тысячаў еўраў, паведамляе AP. Францыя, Польшча, Вугоршчына і Вялікая Брытанія катэгарычна супраць сістэмы квотаў.

Сёлета ў Міжземным моры загінулі 1800 мігрантаў, якія спрабавалі даплысці да Еўропы – гэта ў 20 разоў больш, чым летась. Нядаўна Еўразвяз абвясціў правядзенне вайсковай місіі ў моры, якая будзе змагацца з перапраўшчыкамі нелегалаў у Еўропу.

НМ, belsat.eu, паводле DW

Стужка навінаў