«Вы вярнулі грамадства да сапраўднай дэмакратыі»: Лукашэнка павіншаваў Трампа


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Доналда Трампа з абраннем на прэзідэнцтва Злучаных Штатаў Амерыкі.

«Ваша перамога – сведчанне выбару амерыканскага народу на карысць палітыкі, якая грунтуецца на сумленнасці, адказнасці, пошуку пераменаў, – гаворыцца ў віншаванні. – Сваёй актыўнай, шчырай і смелай пазіцыяй у ходзе перадвыбарнай кампаніі вы ўскалыхнулі амерыканскае грамадства, вярнуўшы яго да сапраўднай дэмакратыі».

У сваім віншаванні Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь у вонкавапалітычнай дзейнасці заўсёды прытрымлівалася неабходнасці канструктыўнай супрацы з ЗША. Лідар Беларусі выказаў надзею, што «нармалізацыя адносін паміж нашымі краінамі будзе працягвацца«.

Лукашэнка таксама пажадаў Доналду Трампу здароўя, энергіі і настойлівасці ў выкананні перадвыбарчых абяцанняў, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Іншая кандыдатка на прэзідэнцтва ў ЗША Гілары Клінтан у сваю чаргу неаднаразова падкрэслівала, што гэта Беларусь мае праблемы з дэмакратыяй, а правы чалавека тут рэгулярна парушаюцца.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў