«Вы ўсё адно трапіце ў псіхушку!» Невядомыя пагражаюць актывістцы, якая перамагла на мясцовых выбарах


Грамадская актывістка, незалежная кандыдатка і маці траіх дзяцей Роза Стрэльчанка з аграгарадку Каплічы Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласці перамагла на мясцовых выбарах. Сёння ёй патэлефанавалі са стацыянарнага нумару, павіншавалі з перамогай, а пасля паабяцалі «прымусам пакласці ў псіхушку».

Пра гэтую пагрозу жанчына паведаміла сустаршыні БХД Паўлу Севярынцу, а той змясціў пост на сваёй старонцы ў Facebook.

Роза Стрэльчанка запісала як нумар, з якога ёй патэлефанала незнаёмая жанчына, так і саму размову на дыктафон. Жанчына, сказала, што яна з Гомельскага абласнога выканкаму, пачала віншаваць Стрэльчанку:

«Ад гэтага моманту на вас ускладзеная вялікая задача: зрабіць усё магчымае, каб стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця і росквіту Беларусі!», – дабразычліва пачала незнаёмка, але раптам перайшла да пагрозаў:

«Але майце на ўвазе: нягледзячы на тое, што вы дэпутат, мы прымусова пакладзем вас у «псіхушку» і знойдзем падставы. Вы ўсё адно трапіце ў псіхушку, зразумела?»

Пачуўшы гэтую заяву, Роза не стала сварыцца ці спрабаваць даведацца ў жанчыны, на якой падставе тая пагражае псіхіятрычнай лякарняй. Замест гэтага, актывістка выклікала міліцыю. У момант, калі belsat.eu звязаўся са Стрэльчанкай, праваахоўнікі ўжо складалі пратакол.

Мы звязаліся з асобай па пазначаным у пасце нумары, аднак там сказалі, што не ведаюць, хто такая Роза Стрэльчанка і хто ёй мог тэлефанаваць.

«Мусары табе не дапамогуць, тлуста***пая!»

З 2016 года Роза Стрэльчанка разам з бацькамі дзетак змагаецца за пабудову школы ў Каплічах, бліжэйшая школа – за шмат кіламетраў і дзецям цяжка туды дабірацца, асабліва ў халоднае надвор’е. Яна неаднаразова звярталася да калінкавіцкіх чыноўнікаў з просьбай ініцыяваць выдзяленне сродкаў на будаўніцтва, але беспаспяхова.

Затое актывістка пачала атрымліваць смс-паведамленні з пагрозамі. Кожны раз – з новага нумару. Паводле яе слоў, у жніўні мінулага году ёй прышла смс-ка: «Будзеш вазнікаць – пакладзешся ў псіхушку». Роза звярнулася да міліцыянтаў, але тыя «не змаглі ўстанавіць асобу», што дасылала паведамленні. Праз пэўны час невядомы адпраўнік напісаў ёй:

«Што, тлуста***пая, мусароў выклікала? Ніхто табе не дапаможа, хадзі і бойся».

Напрыканцы жніўня Стрэльчанка атрымала адказ з Калінкавіцкага РАУСу, міліцыя зноў не змагла выявіць смс-хуліганаў. Раптам яна атрымала чарговае паведамленне: «Прыйшла адпіска ад Гайкевіча? Мусары табе не дапамогуць, у нас усё павязана. Хадзі і бойся». Вячаслаў Гайкевіч – намеснік начальніка Калінкавіцкага РАУС.

«Думаю, гэта ўсё адбываецца таму, што для тутэйшых чыноўнікаў я – костка ў горле. Мне адмыслова высунулі ў канкурэнткі загадчыцу лабараторыяй, маўляў, я ж простая цётка, без вышэйшай адукацыі, працавала нянечкай, выхавацелькай… Але людзі абралі мяне», – дзеліцца Роза Віктараўна.

У Розы Стрэльчанкі – трэцяя група інваліднасці. Дыягназ – дыспластычны коксартроз тазабедранага суставу. Пасля нядаўна перанесенай аперацыі яна перамяшчаецца з кійком. Праблем жа з псіхічным станам жанчына не мела ніколі, на ўліку ў дыспансэры не стаяла.

Павел Севярынец: «Гэты выпадак – сведчанне крайняга цынізму і бандытызму ўладаў»

Як распавёў нашым журналістам сустаршыня БХД Павел Севярынец, Роза Стрэльчанка – беспартыйная, але сімпатызуе хрысціянскім дэмакратам. На выбарах у сельскі савет за яе прагаласавалі 54 чалавекі, у той час як яе апанентка – загадчыца лабараторыяй атрымала толькі 4 галасы.

«Я думаю, што ў гомельскага кіраўніцтва проста здалі нервы. Была ўстаноўка не прапускаць незалежных кандыдатаў, але ў сельскім савеце складана фальсіфікаваць галасаванне, там усе Каплічы за яе. Атрымалася гэтак, што галасы падлічылі правільна. А пагрозы – сведчанне крайняга цынізму і бандытызму ўладаў», – сказаў у каментары belsat.eu Павел Севярынец.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары