«Вы бандэры, а па-беларуску мы не разумеем» – гомельскія міліцыянты затрымалі журналістаў


Журналістаў Кастуся Жукоўскага і Наталлю Крывашэй схапілі міліцыянты і трымаюць у РУУС Цэнтральнага раёну Гомля. «Складаюць на нас «ліпавыя» пратаколы, маўляў мы ім пагражалі Майданам. Самі лаюцца, абражаюць нацыянальную годнасць», – паспеў паведаміць з пастарунку Кастусь Жукоўскі.

Паводле журналіста, іх схапілі непасрэдна каля будынку РУУС. «Той міліцыянт, што нас затрымліваў ужо ўцёк кудысьці. Сядзім у дзяжурнай частцы, тут нейкі маёр і яшчэ адзін міліцыянт, не прадстаўляцца. Кажуць, што будуць складаць на нас пратаколы. Абражаюць – кажуць «вы бандэры», заяўляюць, што не разумеюць па-беларуску», – распавёў па тэлефоне Кастусь Жукоўскі.

Дзяжурны Максім Мінтусаў заявіў журналістам, што будзе забіраць фотаапарат за тое, што яны сфатаграфавалі шыльду РУУСа.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі міліцыянты затрымліваюць журналістаў на Гомельшчыне. 16 ліпеня Кастуся Жукоўскага і Наталлю Крывашэй затрымалі працаўнікі ДАІ, калі журналісты здымалі сюжэт пра ўспышку хваробы свінняў у Рэчыцкім раёне.

Міліцыя і пракуратура пераследуе незалежных журналістаў, у судах супраць іх фабрыкуюцца справы за «распаўсюд прадукцыі СМІ». Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у чаканні судоў знаходзіцца яшчэ шэраг журналістаў, на якіх складзеныя пратаколы: у прыватнасці, Алесь Ляўчук, Алесь Дзянісаў, Алесь Кіркевіч, Аліна Літвінчук і Ігар Барысаў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў