Вусатыя Пагоні і келіхі з беларускага мястэчка. Што можна пабачыць у замку ўладароў ВКЛ?


Герб Пагоня на каралеўскім троне, а таксама на сценах, дыванах, столі ды нават камодах. Гледзячы на гэты старажытны сімвал, манархі ВКЛ і Польскага каралеўства тварылі гісторыю.

Каралеўскі замак у Варшаве – цяпер вялікі музей, які абавязкова трэба наведаць і беларусам, бо гэтае месца звязана і з нашай гісторыяй.

Варшаўскі замак з XVI стагоддзя стаўся рэзідэнцыяў польскіх каралёў, якія пасля Крэўскай уніі 1385 часцяком насілі таксама тытул вялікага князю ВКЛ. Пасля Люблінскай уніі (1569 год) кожны кароль Польшчы быў вялікім князем ВКЛ, стаяў на чале агульнай дзяржавы – Рэчы Паспалітай.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

У 1526 годзе пры нявысветленых абставінах памёр бяздзетным апошні прадстаўнік дынастыі мазавецкіх князёў, якім належаў замак у Варшаве. З гэтага часу яго ўласнасць перайшла ў рукі перадапошняга караля з літоўскай дынастыі Ягелонаў – Жыгімонту Старому.

Жыгімонт праславіўся як мецэнат. Ён меў вялікую бібліятэку, запрашаў да свайго двара вядомых скульптараў, архітэктараў, жывапісцаў. Яго подпісам пазначаны дзве ахоўныя граматы для ўсходнеславянскага першадрукара Францішка Скарыны. Шмат часу ў Варшаўскім замку правяла жонка Жыгімонта Старога – Бона Сфорца, якой прыпісваюць дасканалае валоданне атрутамі ды падазраюць у атручванні апошніх з мазавецкіх князёў.

Сын Жыгімонта Старога і каралевы Боны – Жыгімонт Аўгуст запісаўся ў беларускую мінуўшчыну гісторыяй трагічнага кахання да прадстаўніцы магнацкага роду ВКЛ Барбары Радзівіл. Пазнаёміўшыся з Барбарай у Вільні, каралевіч адразу ж разгарэўся да яе палкім пачуццём ды пачаў з ёю сустракацца, будучы жанатым з іншай. Захаваліся паданні, што Жыгімонт Аўгуст ноччу пералазіў праз вялікія мураваныя агароджы, каб патрапіць у пакоі да каханкі. Пасля смерці сваёй першай жонкі, ён таемна ўзяў шлюб з Барбарай, бо супраць іхнай сувязі былі як бацькі Жыгімонта Аўгуста, гэтак і большасць польскага магнацтва.

Глядзіце яшчэ>>> Пошта пад знакам ВКЛ, праспект Міндоўга і помнік Вітаўту – і ўсё гэта ў рэальнасці

У 1548 годзе памёр Жыгімонт Стары, каралевіча тэрмінова выклікалі ў Кракаў, а яго маці Бона Сфорца пачала шукаць жонку для будучага кіраўніка дзяржавы. Аднак выявілася, што Жыгімонт Аўгуст ужо жанаты. Каралева-маці ўсяляк старалася, каб не дапусціць каранацыі Барбары, але дзякуючы настойлівасці Жыгімонта Аўгуста, які дамогся ад сойму прызнання ягонага шлюбу, каранацыя адбылася.

На знак пратэсту Бона Сфорца выехала з Польшчы на радзіму ў Італію. Аднак у траўні 1551 года маладая каралева памерла. Канец Барбары быў жахлівым: яна памірала некалькі месяцаў у жудаснай агоніі, аднак Жыгімонт увесь час знаходзіўся з жонкай. Паводле некаторых звестак, Барбару атруцілі агенты Боны Сфорцы, згодна з іншымі крыніцамі – яна памерла ад цяжкой хваробы.

Сівая легенда

Існуе легенда пра тое, што пасля смерці Барбары кароль наведаў Мікалая Радзівіла (брата Барбары) у Нясвіжы, і прывёз з сабой чарадзея, які паабяцаў яму выклікаць дух жонкі ў тым месцы, дзе яны сапраўды кахалі адно аднаго. Дух выклікалі, а сапраўднае і моцнае каханне караля не дало яму вярнуцца ў іншасвет. Каб быць заўсёды са сваёй каханай, кароль мусіў бы памерці таксама ў Нясвіжы, аднак здарылася інакш – смерць спаткала яго ў Кракаве. Паводле легенды, да нашых дзён дух Чорнай Дамы блукае пакоямі Нясвіжскага замку, у той час як дух Жыгімонта ходзіць па Кракаўскім палацы.

Чытайце яшчэ>>> Царква, пра якую нашчадкі ліцвінаў даведаліся з савецкіх кніг

Пасля Люблінскай уніі, якая яшчэ больш з’яднала Польскае Каралеўства і Вялікае княства Літоўскае, Варшаўскі замак разбудавалі, бо ў ім пачалі адбывацца супольныя соймы Рэчы Паспалітай. І цяпер у замку, адноўленым пасля ІІ сусветнай вайны, можна паглядзець, як выглядала зала, у якой збіраліся паслы ад паасобных ваяводстваў. Пасланцы заўсёды засядалі пад гербамі сваіх земляў, якія красаваліся на столі. Большасць ваяводстваў ВКЛ мела тады сваім гербам акурат Пагоню, прычым вершнік на ёй быў намаляваны з вусамі.

Замак у Варшаве перабудоўваўся шмат разоў. На загад караля Жыгімонта Вазы, напрыклад, каралеўская рэзідэнцыя займела 60-метровую Жыгімонтаву вежу, правобразам якой, на думку некаторых даследнікаў, паслужылі фартыфікацыйныя збудаванні Смаленску. Але найбольш бадай змяніў у замку ў другой палове XVIII стагоддзя апошні польскі манарх і галава ВКЛ – Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Пры ім зладзілі новую залу дэпутатаў, дзе праводзілі Соймы, – яна стала больш высокай і прасторнай.

Глядзіце яшчэ>>> Як у месцы оргіяў князя ВКЛ рассыпалі жменю беларускай зямлі

Падчас ІІ сусветнай вайны замак быў моцна пашкоджаны, інтэр’еры аднаўлялі па старых малюнках, апісаннях і фатаграфіях. Арыгінальных рэчаў засталося не шмат, але сярод іх – талерка і філіжанка, з якіх еў ды піў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Яму належалі таксама крыштальныя келіхі з Пагонямі, якія вырабілі ў беларускім мястэчку Налібокі. Праўда, цяперашняе апісанне падае, што гэта была Польшча. Насамрэч Налібокі ў тыя часы ўваходзілі ў склад Вялікага княства.

У замкавай капліцы знаходзіцца скрынка з сэрцам Тадэвуша Касцюшкі – выбітнага вайсковага дзеяча і нацыянальнага героя ў Беларусі, Польшчы ды ЗША.

Для тых жа беларусаў, хто засумаваў па Пагоні ў публічнай прасторы, Варшаўскі замак будзе сапраўдным скарбам – насыціць свой зрок тут можна самымі рознымі сімваламі ВКЛ, якія знаходзяцца на замкавай вежы ды сценах, на каралеўскіх тронах, габеленах, насценных дыванах ды нават мэблі.

[vc_single_image image=”22″ img_size=”large”]

Карацей, куды б кароль не павярнуўся, усюды ён бачыў выяву вершніка на кані, пад якою гуртаваліся продкі сучасных беларусаў.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў