Вуліца Слуцкіх паўстанцаў у Слуцку. Ідэя сабрала 570 подпісаў


Рух «За Свабоду» сабраў 570 подпісаў за перайменаванне ў Слуцку вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх Паўстанцаў.

Збор подпісаў ініцыяваў Віталь Амяльковіч, каардынатар руху «За Свабоду» ў Менскай вобласці, размясціўшы петыцыю на старонцы zvarot.by.

«Случчакі і я асабіста, усе тыя неабыякавыя людзі, якім важна захаваць памяць аб падзеях Слуцкага збройнага чыну, якія паважаюць свядомы выбар герояў нашай Радзімы, усе мы вельмі ўдзячныя тым, хто падтрымаў кампанію па перайменаванні ў горадзе Слуцку вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх Паўстанцаў», – каментуе Амяльковіч прагрэс у зборы подпісаў.

Паводле Віталя, «актыўнасць случчакоў і падчас рэальнага збору подпісаў, і падчас онлайн-кампаніі даказвае, што вуліца Слуцкіх Паўстанцаў станоўча ацэньваецца жыхарамі горада».

«Мы робім важную і адказную справа, і не маем права спыняцца», – падкрэсліў Амяльковіч.

Кампанія за вуліцу Слуцкіх Паўстанцаў будзе працягвацца нават пры адмоўным рашэнні гарадскіх уладаў, заяўляюць арганізатары. Яны адзначылі, што ўжо ёсць ідэі магчымых публічных акцыяў у Слуцку.

Віталь Амяльковіч лічыць, што вуліца з такой назвай абавязкова з’явіцца ў горадзе.

«І ворагам Беларушчыны, і іх прыхвасням прыйдзецца прыняць гэты факт», – цытуюць Віталя Амяльковіча «Беларускія навіны».

Збор подпісаў працягнецца да серады, а 1-га лютага калектыўны зварот скіруюць у Слуцкі раённы выканаўчы камітэт і Слуцкі раённы Савет дэпутатаў.

  • Слуцкае паўстанне – спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў савецкім войскам.

ДД

Глядзі таксама
Каментары