Вугоршчына прыняла скандальны закон аб мігрантах: за дапамогу нелегалам будуць караць турмой


Парламент Вугоршчыны 20 чэрвеня прагаласаваў за пакет законаў, якія ўводзяць пакарання ў выглядзе вялікіх штрафаў і турэмнага зняволення за дапамогу ўцекачам і нелегальным мігрантам. Рада Еўропы і АБСЕ лічаць, што новаўвядзенні не адпавядаюць еўрапейскім стандартам.

Менавіта на барацьбе з нелегальнай іміграцыяй будуе сваю палітыку кіроўная партыя Fidesz на чале з вугорскім прэм’ер-міністрам Віктарам Орбанам. Між тым у самой Вугоршчыне імігрантаў амаль няма, а хваля ўцекачоў з Блізкага Ўсходу, якая пракацілася па Еўропе ў 2015-2016 гадах даўно схлынула.

У гэтых законапраектах, у прыватнасці, прапаноўвалася ўвесці для некамерцыйных арганізацыяў, якія падтрымліваюць, на думку ўладаў, нелегальную іміграцыю, 25-працэнтны падатак, велізарныя штрафы і нават турэмнае зняволенне тэрмінам да 1 года за дапамогу нелегальным імігрантам і закрыццё НКА ў выпадку, калі МУС палічыць такую ​​арганізацыю пагрозай для нацыянальнай бяспекі.

Самім уцекачам новыя законы забараняюць хадайнічаць аб легалізацыі ў Вугоршчыне, калі яны спрабуюць патрапіць туды праз трэцюю краіну, а не наўпрост з той краіны, адкуль яны беглі.

Акрамя таго, Нацыянальная асамблея Вугоршчыны прыняла дадатак да канстытуцыі, які забараняе арганізаванае рассяленне мігрантаў у краіне – гэта адказ на прапанову Еўразвязу размяркоўваць уцекачоў па квотах паміж усімі краінамі ЕЗ.

АБСЕ разам з Венецыянскай камісіяй Рады Еўропы рэзка асудзілі вугорскія новаўвядзенні.

ІІ, belsat.eu, паводле Бі-бі-сі

Стужка навінаў