Вучэнні, як вайна: знішчаюць танкі, працуе артылерыя, а з запасу прызываюць нават жанчын


У Беларусі працягваецца маштабная праверка Узброеных сілаў. У ноч з 22 на 23 сакавіка механізаваны батальён са складу 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады (базуецца ў Слоніме) атрымаў задачу па блакаванні і знішчэнні калоны бронетэхнікі ўмоўнага праціўніка.

Як паведамляюць у Мінабароны, у начных умовах адно з падраздзяленняў батальёна, здзейсніўшы 20-кіламетровы марш у прызначаны раён, заняло абарону на паказаным рубяжы.

«У наступным, выконваючы пастаўленую задачу, актыўнымі і рашучымі дзеяннямі рота блакавала і знішчыла ўмоўнага праціўніка ў раёне Ваўкавыска. Пасля выканання вучэбна-баявой задачы падраздзяленне ў поўным складзе вярнулася ў пункт пастаяннай дыслакацыі», – паведамляюць у міністэрстве.

Прыкрыццё аперацыі ажыццяўлялі баявыя разлікі зенітных ракетных падраздзяленняў і экіпажы авіяцыі, таксама была разгорнутая групоўка радыётэхнічных войскаў.

«Экіпажы вучэбна-баявых самалётаў Як-130, знішчальнікаў МіГ-29, верталётаў Мі-8МТВ-5 і Мі-24 выканалі вучэбна-баявыя задачы па знішчэнні калоны бронетэхнікі і дыверсійна-выведвальных груп умоўнага праціўніка», – адзначаюць у Мінабароны.

Адначасова працягваюцца вучэнні артылерыстаў. Падраздзялення ракетных войскаў і артылерыі Заходняга аператыўнага камандавання ад пачатку тыдня праводзяць планавыя заняткі на Абуз-Лясноўскім палігоне ў Берасцейскай вобласці.

Відэа вучэнняў апублікавала БелТА.

Раней, 21 сакавіка, паведамлялася, што падраздзялення ВПС і войскаў СПА здзейснілі маршы і прыступілі да нясення баявога дзяжурства ў новых пазіцыйных раёнах. Пры гэтым не ўдакладнялася ў якім кірунку здзейсненыя маршы і што гэта за новыя раёны.

Нагадаем, 12 сакавіка сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась уручыў міністру абароны абароны Андрэю Раўкову даручэнне Аляксандра Лукашэнкі правесці праверку Узброеных сілаў Беларусі. Праверка ўключае ў сябе правядзенне вучэнняў з баявой стральбою, фармаванне асобнай механізаванай брыгады ды інш. З запасу прызываецца да 2 тыс. ваеннаабавязаных.

На дадзены момант, ужо прызвана з запасу каля 1400 чалавек, у тым ліку 50 жанчын (галоўным чынам медыкі). Прызыў жанчын – выключны выпадак для беларускага войска, гэта асаблівасць цяперашняй праверкі Узброенных сілаў, адзначаюць у Мінабароны.

Дарэчы сёння, 23 сакавіка, у 72-м гвардзейскім Аб’яднаным навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў у Печах прынялі Ваенную прысягу больш за 250 ваеннаабавязаных, прызваных з запасу, з іх каля 40 жанчын.

Адначасова, у Расеі, пад Ульянаўскам, толькі што скончыліся беларускія-расейскія сумесныя вучэнні – паводле легенды, дапамогі ў міратворцаў папрасіла ўмоўная краіна Дамасія.

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў