«Вожык-2015»: у Эстоніі праходзяць найбуйнейшыя ў гісторыі вайсковыя вучэнні з удзелам сілаў NATO


У манеўрах бяруць удзел больш 13 тысяч чалавек. Галоўная мэта вучэнняў – праверка боегатовасці першай пяхотнай брыгады Сіл абароны і падрыхтоўка рэзервістаў, якія складаюць каля паловы асабістага складу ўдзельнікаў вучэнняў.

Акрамя рэзервістаў і жаўнераў тэрміновай службы, эстонскія ўлады прыцягнулі да ўдзелу сябраў ваенізаванай добраахвотніцкай арганізацыі «Kaitseliit», а таксама саюзнікаў з NATO: вайскоўцаў ЗША, Вялікай Брытаніі, Польшчы, Нідэрландаў, Латвіі ды Літвы.

Удзел у вучэннях возьмуць амерыканскія танкавыя падраздзяленні на трох танках M1A2 Abrams і 150 дэсантнікаў. Туманны Альбіён накіруе другі батальён ёркшырскага палка ў складзе 120 вайскоўцаў. Авіяцыя будзе прадстаўлена двума брытанскімі самалётамі Hawk і 4 знішчальнікамі Eurofighter.

Вучэнні прадоўжацца да 15 мая і завершацца на паўночным усходзе краіны паблізу мяжы з Расеяй.

Натаўскія вучэнні ўжо адбываліся сёлета ў сакавіку ў Латвіі.

Чытайце таксама >>>>>>>>> Аляксандр Алесін: Сумесныя беларуска-расейскія вучэнні пад Берасцем – ваенна-палітычны дэмарш

На думку вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна, краіны Балтыі і Польшча баяцца гібрыднай вайны як ва Украіне, таму ўзмацняюць сваю супрацу з NATO, разлічваючы на дапамогу Паўночнаатлантычнага альянсу ў выпадку расейскай агрэсіі.

Гэта не апошнія вучэнні NATO у рэгіёне. Як піша Delfi са спасылкай на Міністэрства абароны Латвіі, з 1 па 26 чэрвеня на тэрыторыі трох краін Балтыі і Польшчы запланаванае правядзенне манеўраў пад назвай «Saber Strike 2015».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў