Воўк забег у вёску і пакусаў людзей ды быдла


Ён гойсаў ад двара да двара пакуль не трапіў на мужчыну з сякерай.

Позна ўвечары ў пятніцу ў адзін з двароў вёскі Першамайск забег воўк, які напаў на сабаку. На шум з хаты выйшаў гаспадар – воўк напаў на яго. З хаты выбягае гаспадыня – і таксама становіцца ахвяраю воўка.

Праз крыкі пацярпелых з суседскага двара выходзіць яшчэ адзін мужчыны, на якога адразу кідаецца жывёліна.

Потым воўк пакусаў каня, прывязанага да плоту і некалькі вясковых сабак. У рэшце рэшт ён кінуўся на групу мужчынаў, якія вярталіся з працы вясковай вуліцай. Адзін з іх нёс у руках сякеру, якой і ўдалося забіць воўка.

Фельчар Міхаіл Акушэвіч распавёў тэлеканалу «Тэлевід», што тры чалавекі з першай сям’і атрымалі шматлікія ірваныя раны рук і ног, іхнаму суседу воўк пракусіў шчаку.

«Я апрацаваў раны, перавязаў і выклікаў хуткую, якая адвезла пацярпелых у шпіталь», – сказаў Акушэвіч.

Раніцай у вёску прыехалі ветэрынары з Гомля, якія адрэзалі ваўку галаву, каб даследаваць яе на шаленства. Цела воўка закапалі, пакусаных сабак усыпілі, а іншым сабакам зрабілі прышчэпкі.

Жыхары Першамайску распавялі журналістам, што гэта першае падобнае здарэнне ў вёсцы, ды дадалі, што ў навакольных лясах распладзілася вельмі шмат ваўкоў.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў