Восьмы дзень у Курапатах: чыноўнікі вырашылі, што бізнес-цэнтр будзе будавацца (абноўлена)


Абноўлена

Чарговы сход у Курапатах адбудзецца сёння, 27 лютага а 18 гадзіне. Грамадскія актывісты-абаронцы Курапатаў збіраюць ідэі для падтрымання.

Сустрэча адбудзецца а 18:00 каля лагера абаронцаў. Тым, хто не можа прыйсці на месца будоўлі бізнесовага центру, прапануецца пакідаць ідэі у дакуменце па спасылцы.

Сярод іншых, нават, радыкальных ідэяў вось такія:

«Побач з білбордам «мянчук года», капіюючы іх жа стыль, зрабіць білборд расстраляных з указаннем года. Фота расстралянага + тэкст: »Гэта мяне расстралялі ў 1937 за …«»

«Паставіць які-небудзь мабільны тэлефон на слупе з уключанай аплікацыяй IP-камера, каб быў пастаянны стрым падзей – людзі будуць бачыць, колькі ўдзельнікаў і г.д».

«KurapatyRun – з цэнтра да Мірашнічэнкі, 53 – 7 км, у два бакі -14. Прапанаваць гараджанам бегаць у Курапаты, пасціць скрыншоты. 14 км – гэта добрая прабежка па новым маршруце і яшчэ адна нагода напісаць у сацыяльных сетках».

____________________________________________________________________________________________________________________________________

Камісія зацвердзіла генеральны план, які прадугледжвае будаўніцтва ў Курапатах бізнес-цэнтру. Чальцы камісіі праігнаравалі мясцовых жыхароў, якія хацелі патрапіць на перагляд вынікаў грамадскіх слуханняў у справе будовы ў Курапатах, перагляд у выніку так і не адбыўся.

Тысячы подпісаў, што сабралі мясцовыя жыхары супраць будоўлі, камісія разглядаць адмовілася.

«Людзей фактычна гвалтам і ціскам прымусілі прагаласаваць за рашэнне», – пракаментаваў Павал Севярынец.

9 чальцоў камісіі прагаласавалі за зацверджанне генплану, адзін – супраць, адзін – устрымаўся.

Людміла Швяцова, адная з чальцоў камісіі, што прагаласавала супраць, так патлумачыла сваю прынцыповую пазыцыю:

«Я жыхарка мікрараёну Зялёны луг, і сама »напрасілася« у гэтую камісію. Напісала заяву, і мяне ўключылі. І я заўсёды выступаю з асобнай думкай. Курапаты — гэта наш агульны боль. І гэта, канечне, »бязьмежжа«. Але ў нашым раёне яшчэ зьбіраюцца дарогу праз лесапарк пабудаваць. Калі яны яе дабудуюць, лесапарк будзе канкрэтна загублены. Таму я і ўвайшла ў камісію, каб неяк процістаяць».

На просьбу belsat.eu пракаментаваць галасаванне намесьнік старшыні Першамайскага райвыканкаму Васіль Касавец адказаў:

«У вас няма ўзгадненьня зь Менгарвыканкамам, каб браць у мяне камэнтары».

Палітыкі Аляксей Янукевіч і Павел Севярынец заклікалі правесці ў пятніцу а 18:00 агульнагарадскі мітынг каля Курапатаў.

_____________________________________________________________________________________________________________________________________

Карэспандэнт belsat.eu разам з актывістамі знаходзіцца ў імправізаваным лагеры ў Курапатах. Пратэстоўцы ўдзень і ўночы дзяжураць, каб не дапусціць працягу будаўнічых працаў.


Стрым Эдуарда Пальчыса з лагеру абаронцаў Курапатаў

ПІЛЬНА! А 09:30 будаўнікі пачалі вывозіць тэхніку з будаўнічай пляцоўкі.

Раніца 27 лютага сталася новым этапам у абароне Курапатаў. Будаўнікі пачалі вывозіць тэхніку з пляцоўкі, дзе меўся паўстаць офісны цэнтр. Ці гэта азначае перамогу актывістаў?

“Па-людску трэба раз і назаўсёды разабрацца з ахоўнай зонаю Курапатаў, каб яе персталі перкройваць, каб перасталі раскапваць косткі. Раз і назаўсёды дзяржава мусіць усталяваць тут ахоўную зону і забараніць любое будаўніцтва”, – заявіў “Белсату” Зміцер Дашкевіч.


«Цынічная палітыка ўлады прывяла да таго, што Курапаты пачалі абcажваць вакол, пачаліся будовы, пачалі будаваць офісы. Я асабіста вельмі захапляюся моладдзю, якая пачала такі востры пратэст супраць будаўніцтва. І я думаю, гэтую спробу забудовы можна будзе “адкруціць”. І гэта сведчыць, што нават невялікая колькасць актыўных людзей могуць паўплываць на сітуацыю», – сказаў старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Палітык Уладзімір Някляеў таксама далучыўся да абаронцаў Курапатаў. «Трэба стаяць цвёрда на сваім. Курапаты – не проста месца пахавання, гэта зямля, з якой прарастае нашая памяць», – сказаў ён падчас онлайн трансляцыі на belsat.eu.

Сёння а 8 раніцы ля будаўнічай пляцоўкі сабраліся ня менш за тры дзясяткі асобаў. Паводле актывістаў, прараб паведаміў абаронцам, што сёння будаўнічыя працы не плануюцца.

Папярэдні дзень прайшоў у Курапатах адносна спакойны. У пікеце ў нядзелю ўзялі ўдзел каля 80 асобаў, у тым ліку да пратэсту далучыліся жонка сустаршыні БХД Паўла Севярынца – Вольга з сябрамі, грамадская актывістка Наста Дашкевіч з дзецьмі, публіцыст Алесь Кіркевіч і іншыя.

А 20 гадзіне на месцы пратэсту зладзілі імправізаваны кінапрагляд дакументальнай стужкі «Белсату» пра Курапаты.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у каментары «Белсату» распавёў, што лагер пратэстоўцаў разбудоўваецца. Ён заклікаў людзей далучацца. Мабілізацыя запланаваная на раніцу 8 гадзіну 27 лютага, дадаў палітык.

Актывісты збіраюцца абнесці ўсю ахоўную зону крыжамі на знак памяці забітых тут ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Хаця сітуацыя на месцы застаецца спакойная з учора, абаронцы мемарыялу рыхтуюцца да супрацьстаяння.

Курапаты – не проста народны мемарыял ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, гэта аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны. Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў звярнулася ў КДБ і Галоўбудэкспертызу. У заяве напісана пра магчымыя карупцыйныя схемы ды парушэнні падчас праектавання будоўлі з умяшаннем у ахоўную зону.

ГА, АБ, МЛ, XX belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары